Плюс Аракелян. 7-га лістапада ў Беларусі затрымалі не менш за 87 чалавек (абноўлена)
56 з іх — сталічныя медыкі, якія выйшлі на марш пратэсту.
У суботу 7-га лістапада ў Беларусі працягнуўся пераслед людзей па палітычных матывах, піша незарэгістраваны ў Беларусі праваабарончы цэнтр «Вясна». Кожны дзень фіксуюцца факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску па палітычных матывах.
У 12:00 у Мінску быў анансаваны Марш медыкаў. Як толькі людзі ў белых халатах сталі на прыступкі першай клінічнай бальніцы — сілавікі затрымалі 56 чалавек. Іх даставілі ў Першамайскае і Ленінскае РУУС. Частку медработнікаў ужо вызвалілі — суды мусяць адбыцца на пачатку наступнага тыдня. Але некаторых адвезлі на Акрэсціна.
У 14:00 быў анансаваны традыцыйны Жаночы марш, але сілавікі пачалі затрыманні жанчын, калі яшчэ тыя не паспелі сабрацца. Хапалі і выпадковых мінакоў. Усяго затрымалі 27 чалавек — уключаючы журналістаў Кацярыну Карпіцкую ( «Наша Ніва») і Рамана Папкова («МБХ медыя»).
Акрамя таго кропкавыя затрыманні адбыліся ў Брэсце, Магілёве і Камянцы.
Прозвішчы можна паглядзець тут.
UPD. Як паведамляецца ў сацсетках, не даехаў дадому пасля выступу ў сталічным мікрараёне Малінаўка музыкант Павел Аракелян. Сілавікі пасадзілі яго ў «бусік» і звезлі ў РАУС Маскоўскага раёна.