3 красавіка — Дзень дзяржаўнасці беларускае мовы
Ужо праз тыдзень пасля 25 сакавіка 1918 году айцы-заснавальнікі БНР, поруч з іншымі дзяржаватворчымі захадамі, задбалі пра статус беларускае мовы.
«Народны Сакратарыят Беларускае Народнае Рэспублікі прыняў пастанову пра абвешчанне беларускае мовы дзяржаўнаю і абавязковаю моваю Рэспублікі. Нацыянальным мяншыням Беларусі дазваляецца карыстацца сваёю моваю ў афіцыйных дачыненнях з дзяржаўнымі ўстановамі. Усе акты, дакументы і ліставанне ўрадавых установаў павінны адбывацца на дзяржаўнай беларускай мове».
(Цытую паводле грунтоўнага двухтамовіка «Архівы БНР», укладзенага Сяргеем Шупам. Т. І, кн. 1. С. 74).
Гэта, як сказалі б цяпер, урадавы прэс-рэліз ад 3 красавіка 1918 году.
Пісаны яшчэ па-расейску, пераклад мой. Ключавыя словы тут — беларуская мова дзяржаўная і абавязковая.
(Дарэчы, тамы Архіваў БНР варта перачытаць з гледзішча вось такіх актаў ды іхных датаў — там пачаткі беларускіх дзяржаўных службаў новага часу. Ужо добра-такі муляе штогадовы набор нейчых «дзён» — медыка, паштара, пажарніка, міліцыі, мытнай службы і г. д. Яны выводзяцца ад савецкіх актаў і падзеяў, часта супадаюць з расейскімі. У лепшым выпадку для «прафесійных святаў» падшукваюць тутэйшыя падзеі, але звязаныя з імперыяй ці БССР — як «Дзень міліцыі», які адлічваецца ад прызначэння сумнавядомага М. Фрунзэ часовым начальнікам міліцыі Усерасейскага Земскага Саюзу ў Менску).
Але вярнуся да дзяржаўнасці мовы.
Натуральна, мусім памятаць і Статут ВКЛ 1566 году з істотнаю праўнаю навацыяй: "А пісар земскі маець па-руску, літарамі і словы рускімі, усі лісты і позвы пісаці, а ня іншым языком і словы..."
(раздзел 4, арт. 1)
І інструкцыю часоў Першае ўсясветнае вайны, якую падпісаў нямецкі генерал-фельдмаршал Паўль фон Гіндэнбург 16 студзеня 1916 г. і дзе беларуская мова пасля доўгага перапынку набывала роўныя з іншымі мясцовымі мовамі правы ў адукацыі ды станавілася адной з афіцыйных у грамадскай і самакіравальнай дзейнасці. (Вядома, без захадаў беларускіх дзеячаў гэта было б немагчыма.)
Паўль фон Гіндэнбург
Памятаем і пастановы ранняй ССРБ-БССР пра выкарыстанне ва ўстановах чатырох моваў, а менавіта беларускай, расейскай, польскай ды ідыш, прычым беларуская мова вызначалася як «пераважная для дачыненняў».
Такі стан быў з 1920 фармальна да 1938 году. Зрэшты, тэрміну «дзяржаўнасць мовы» і за бальшавікамі, і ў вышэйпералічаных дакументах не было.
26 студзеня 1990 году — гістарычны дзень прыняцця (у выніку працяглае грамадскае кампаніі) Закону аб мовах, паводле якога беларуская ўрэшце вярнула сабе статус адзінай дзяржаўнай.
Але ўсё ж першым рашэннем аб беларускай мове як адзінай дзяржаўнай, адпаведным сучасным дзяржаўна-праўным нормам і прынятым самімі беларусамі, была тая пастанова Народнага Сакратарыяту БНР ад трэцяга красавіка. А 24 траўня 1918 г., паводле гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага, Рада БНР прыняла і закон пра абвешчанне на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнага статусу беларускай мовы.
Такі крок БНР наспяваў, хоць трэба было адольваць і непрыхільнае стаўленне расейскіх і польскіх вялікадзяржаўнікаў, і прарасейскія настроі ў земскіх самакіраваннях, і інерцыю некаторых беларускіх дзеячаў. Аргументы супраць дзяржаўнасці беларускае мовы, што гучалі тады, прынцыпова не змяніліся і цяпер. Яшчэ на Усебеларускім з'ездзе ў снежні 1917 году гучалі галасы, што па-беларуску немагчыма выкладаць усе прадметы, бо мова нібыта ня можа перадаваць усе навуковыя паняцці.
Але глеба рыхтавалася: прыкладам, яшчэ да абвешчання незалежнасці Беларускі вайсковы з'езд Паўночнага фронту ў Віцебску ў снежні 1917 г. пастанавіў, што беларуская мова павінна прызнавацца афіцыйнай мовай ва ўсіх дзяржаўных і грамадскіх установах краю — праўда, разам з агульнадзяржаўнаю тады расейскаю.
А вось Беларускі нацыянальны камітэт у Магілёве ўжо ў 5 чэрвені 1918 г. рэагаваў на прыняцце закону аб дзяржаўнасці беларускае мовы інакш: «Вітаючы адраджэнне беларускай народнай мовы і росквіт беларускай літаратуры, паэзіі і мастацтва, Камітэт лічыць, што ўвядзенне ў дзяржаўнае справаводства беларускай мовы як абавязковай [з'яўляецца] нясвоечасовым крокам». (Прыклады і цытаты з манаграфіі Ўладзімера Ляхоўскага «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915–1918 г.» Беласток, Вільня, 2010.)
Знаёмае стаўленне — не выпускаць беларускую мову па-за мастацкую нішу.
Але нават у неверагодна цяжкой сітуацыі вайны, эканамічнага заняпаду, чарады акупацыяў, установы Беларускае Народнае Рэспублікі пачалі ўкараняць беларускую мову: ва ўласным справаводстве, упарадкаванні тэрміналогіі, кнігавыданні. Але найперш у асвеце. Рабілі гэта цалкам свядома. Тлумачэнне знаходзім у Мемарыяле Народнага Сакратарыяту БНР канцлеру Нямеччыны за 5 красавіка 1918 году, дзе немцам сцісла тлумачылі, у якія этнамоўныя ды палітычныя непярэліўкі яны трапілі, прыйшоўшы ў наш край, і чаго дамагаецца БНР.
"Беларуская мова, выгнаная са школы, суду і царквы спачатку польскім, а затым расейскім урадам, страціўшы ў выніку гэтага два стагоддзі свайго развіцця,
павінна заняць у Беларускай дзяржаве належнае ёй месца, як мова дзяржаўная. Вельмі нізка заняпалыя ў выніку абрусіцельнай палітыкі Расеі асвета і пісьменнасць
павінны быць пастаўленыя на адаведную вышыню шляхам адкрыцця новых беларускіх школаў усіх тыпаў і ўладкавання існых адпаведна патрабаванням педагогікі".
Архівы БНР. Т. І, кн. 1. С. 83.
Адукацыйныя арганізатары БНР раз'ехаліся па краіне. Літаральна за пару гадоў былі створаныя сотні беларускіх школаў усіх ступеняў, курсы, настаўніцкія семінарыі, складзены план утварэння ўніверсітэту. Айцы-заснавальнікі БНР асабіста займаліся школьнай справай на месцах, пачынаючы з Старшыні Рады БНР Язэпа Лёсіка і народнага сакратара асветы Аркадзя Смоліча, якія ўвайшлі ў Менскую школьную субкамісію. А Тамаш Грыб быў яе адказным сакратаром.
Тамаш Грыб
У 1917/18 н. г. у Менску было 7 беларускіх ніжэйшых пачатковых вучэльняў, 1158 дзяцей вучылася (27% ад агульнай колькасці вучняў гэтай катэгорыі). У 1919 — 9 пачатковых і адна сярэдняя, разам 1213 дзяцей. «У Менску, сталіцы Рэспублікі Беларусь, сёння існуе ўсяго 4 школы, дзе ўсё выкладанне адбываецца на роднай мове вучняў... Колькасць тагачаснага жыхарства ў Менску была амаль у 10 разоў меншая, чым сёння, а беларусы тады не былі ў горадзе нацыянальнай большасцю», — заўважае У. Ляхоўскі.
З'явілася грамадская школа для дарослых, курсы беларусазнаўства, настаўніцкія курсы ў Менску (проста ў зале паседжанняў Рады БНР) і Бабруйску. Будслаўская беларуская гімназія, стварэннем якой непасрэдна апекаваўся Народны Сакратарыят БНР, праіснавала да польскай акупацыі, а супраць яе ліквідацыі пратэставалі больш як паўтысячы бацькоў навучэнцаў.
Рада БНР пасылала адукацыйных упаўнаважаных — прыкладам, а. А. Астрамовіча (паэта Андрэя Зязюлю) у Сенненскі павет. Урэшце паўстала Віленская беларуская гімназія, якая потым адыграла неацэнную ролю ва ўзгадаванні беларускай нацыянальнай эліты. У выніку адукацыйных захадаў БНР толькі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920/21 навучальным годзе было 514 беларускіх школаў, з іх у Вільні сем.
25 Сакавіка 1935 г. у Віленскай беларускай гімназіі
Нашто лічбы?
У публічнай дыскусіі за мяжой пра лёсы Беларусі разам са мной браў удзел беларускі публіцыст-філосаф. Ён разважаў пра беспадстаўнасць беларускіх нацыянальныя міфаў, а ў якасці прыкладу прывёў БНР: маўляў, гэта была ізаляваная група, якая ні на што не ўплывала і пра існаванне якой не падазравалі нават мінчукі па-за сценамі таго кабінету, а што ўжо казаць пра ўсю тэрыторыю Беларусі. Г. зн., «БНР няма».
Але нават калі абстрагавацца ад іншых кірункаў чыннасці БНР у менскім і гарадзенскім перыядзе (а таксама палескага паходу Булак-Балаховіча ці Слуцкага збройнага чыну пад БНРаўскімі штандарамі), а ўзяць толькі моўна-адукацыйную сферу, то відавочна: наладжанае дзеячамі БНР беларускамоўнае школьніцтва паўплывала на свядомасць дзясяткаў і сотняў тысячаў чалавек.
Моўная палітыка БНР імкліва разняволіла патэнцыял беларускае мовы, ня толькі даказала яе здольнасць абслугоўваць розныя сферы, але засведчыла, што вяртання роднае мовы ў школу і дзяржаву хочуць самі беларусы. З гэтым вымушаныя былі лічыцца і савецкія бальшавікі, і Польшча, якія тады падзялілі паміж сабою Беларусь. Дзяржаўнасць беларускае мовы ў ХХ стагоддзі, хай з пакручастаю гісторыяй, — заваёва Беларускае Народнае Рэспублікі.