38 сябраў Руху “За Свабоду” зарэгістравана кандыдатамі ў мясцовыя дэпутаты

38 сябраў Руху “За Свабоду” зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты на мясцовых выбарах. Усяго прыхільнікамі арганізацыі падавалася 87 заявак на вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў розных узроўняў. Такім чынам, пераадоленне рэгістрацыйнага фільтру склала 43%.



007_0.jpg

Найбольшыя страты панесеныя на этапе рэгістрацыі аддзяленнем Руху “За Свабоду” на Гомельшчыне — толькі 10% зарэгістраваных вылучэнцаў.

У прыватнасці, зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Мінгарсавета Юрась Меляшкевіч, кіраўнік сталічнага аддзялення Руху, а таксама актывіст арганізацыі Пётр Маркелаў. У Мядзельскім раёне ад Руху “За Свабоду” балатуецца адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Таўстыка. Каардынатар па Гродзенскай вобласці Сяргей Трафімчык паспрабуе трапіць у гарадскі Савет дэпутатаў Бярозаўкі.

З кіраўніцтва Руху “За Свабоду” вылучаўся толькі намеснік старшыні, палітолаг Алесь Лагвінец, але выбыў з выбараў на стадыі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.

Прадстаўніца Руху “За Свабоду” Галіна Краўчанка не была зарэгістравана кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36, дзе 23 сакавіка пройдуць перавыбары.

"Амаль ва ўсіх выпадках прычынай нерэгістрацыі актывістаў Руху “За Свабоду” ў якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саетаў сталі “несапраўдныя” подпісы грамадзян за іх вылучэнне. Дакладней, найчасцейшая прэтэнзія выбаркамаў — прастаўленне даты рукой зборшчыка подпісаў, а не выбаршчыка. Паводле рухаўцаў, схема аднолькавая: улады знаходзяць тых сярод падпісантаў, на каго можна націснуць, і яны заяўляюць, што дату не ставілі ўласнаруч", — каментуе першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

www.pyx.by