2 700 пілігрымаў прыбылі пешшу і на роварах на ўрачыстасці ў Будслаў

4 ліпеня ў Будславе пачаліся ўрачыстасці, прысвечаныя цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай.



foto_budslavskiy_fest_2013_08.jpg

Пачынаючы з 26 чэрвеня, у Будслаў накіраваліся пешыя пілігрымкі з розных гарадоў Беларусі. Так, дзевяць дзён правялі ў дарозе пілігрымы з Баранавічаў, прайшоўшы за гэты час амаль 300 кіламетраў. Восем дзён ішлі ў Будслаў пілігрымы з Віцебска. Разам з каталікамі Маладзечна ў пілігрымцы быў Апостальскі нунцый Клаудзіо Гуджэроцці. Мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч прыняў удзел у роварнай пілігрымцы. Да пешай пілігрымкі з Мінску далучылася група ўкраінскіх каталікоў — восем чалавек. Разам з баранавічскімі пілігрымамі да Нацыянальнага санктуарыя ішлі каталікі з Расіі, у тым ліку восем чалавек — з Масквы.
У Будслаў прыйшлі сем пілігрымак з Віцебскай дыяцэзіі, дзве —з Гродненскай, восем — з Мінска-Магілеўскай, тры — з Пінскай. Самай масавай была пілігрымка "Баранавічы-Будслаў" — 419 чалавек. З Мінску ішла таксама "посная" пілігрымка — 59 чалавек вандравалі чатыры дні на хлебе і вадзе. Усяго ў Будслаў прыбылі пешшу і на роварах 2700 чалавек.
Вечарам 4 ліпеня пілігрымы сабраліся ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Іх прывітаў Мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч, Святую Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
"У пілігрымку ішлі тыя, каго вяла вера, тыя, хто шукае веру, і тыя, хто проста ішоў з цікавасці. Але вы ўсе, хто дайшлі да Будслава. — пераможцы, вы перамаглі боль, спёку. Гэта перамога духу", — адзначыў на Імшы біскуп Алег Буткевіч.
Урачыстасці ў Будславе адбываюцца 4–5 ліпеня пад дэвізам "Марыя — узор малітвы". Штогод у вёску Мядзельскага раёна прыходзяць і прыязджаюць тысячы беларускіх і не толькі каталікоў.
Алена Германовіч, БелаПАН