«190 рублёў за пустую кватэру». Беларускія дальнабойшчыкі сталі «дармаедамі» і ў шоку ад жыровак
Пасля таго, як у спіс «дармаедаў» патрапілі кіроўцы-дальнабойшчыкі, якія працуюць у еўрапейскіх фірмах, ім выстаўляюць вялізныя рахункі за камуналку. Пра іх «уражанні» распавядае «Н*ша Ніва».
«Замест 60 рублёў за месяц мне давядзецца заплаціць пад 190»
Згодна з пастановай Саўміна № 166 ад 25 сакавіка 2022 года, беларусы, якія з'ехалі з краіны больш чым на 30 дзён і не заняты ў эканоміцы, мусяць аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі ў поўным аб'ёме. Выключэнне — тыя, хто выехаў на аздараўленне або лячэнне.
У спіс «дармаедаў» трапляюць і тыя, хто афіцыйна працуе ў краінах ЕС. Гэта значыць, што яны таксама павінны плаціць за камуналку па поўнай. Ад аплаты па павышаных тарыфах вызваляюць толькі тых, хто выехаў на працу ў краіны ЕАЭС.
Праз гэта беларускія дальнабойшчыкі, якія працуюць у еўрапейскіх фірмах і маюць нерухомасць у Беларусі, аказаліся ў цікавым становішчы.
Адзін з кіроўцаў распавёў, што быў моцна здзіўлены, калі пасля вяртання з чарговай кадэнцыі даведаўся, што яму пералічылі жыроўку за люты.
«За кватэру, у якой ніхто не жыве, цяпер замест 60 рублёў за месяц мне давядзецца заплаціць пад 190», — абураецца мужчына.
Мужчына кажа, што, паколькі ён жыве адзін, у той час, калі ён па 2-2,5 месяцы знаходзіцца ў Еўропе, у кватэры не працуе нават халадзільнік, таму агучаная сума выходзіць за камунальныя паслугі з нулявым спажываннем вады, газу і электрычнасці.
«Добра было б прадаць кватэру да наступнага ацяпляльнага сезона»
Іншы суразмоўца, які таксама апошнім часам стаў атрымліваць жыроўкі па павышаным тарыфе, працуе кіроўцам у Польшчы, куды ўжо паспеў перавезці жонку і дзіця.
«Асабліва адчувальна сумы павялічыліся з надыходам зімы. За люты за камуналку трохпакаёўкі, дзе ніхто не жыве, нам давялося заплаціць 300 рублёў. Да пераразліку ніколі больш за 100 рублёў за пустую кватэру не выходзіла», — кажа ён.
Мужчына кажа, што такія тарыфы падштурхоўваць яго сям'ю да таго, каб пазбавіцца нерухомасці ў Беларусі.
«Плаціць па сто еўра ў месяц за пустую кватэру — так сабе задума. Гэтай зімой мы пачалі сурʼёзна задумвацца над тым, што добра было б прадаць кватэру да наступнага ацяпляльнага сезона», — дзеліцца мужчына.