У Бруселі пройдзе другі раўнд дыялогу Беларусь — ЕС па эканамічных і фінансавых пытаннях

Другі раунд дыялогу Беларусь — ЕС па эканамічных і фінансавых пытаннях пройдзе 21 лістапада ў Бруселі, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.



rb_jes.jpg

Беларускую дэлегацыю на перамовах узначаліць намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Голухаў. У яе склад увойдуць намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЕС Андрэй Еўдачэнка, а таксама эксперты МЗС, Мінэканомікі, Нацбанка, прадстаўніцтва Беларусі пры ЕС.

З боку ЕС у дыялогу возьмуць удзел прадстаўнікі генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па эканамічных і фінансавых пытаннях, генеральнага дырэктарата дапамогі ў мэтах развіцця, генеральнага дырэктарата па гандлі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Як паведамляе прэс-служба МЗС, удзельнікі дыялогу разгледзяць інфармацыю аб макраэканамічнай сітуацыі ў Беларусі, асноўных кірунках фіскальнай палітыкі і стане дзяржаўнага доўгу. Будуць таксама разгледжаныя тэндэнцыі ў эканоміцы Еўрасаюза, наступствы фінансавага крызісу еўразоны і крокі краін — членаў ЕС па пераадоленні крызісу. Акрамя таго, падчас мерапрыемства бакі абмяркуюць актуальныя пытанні фарміравання манетарнай палітыкі і функцыянавання банкаўскіх сістэм Беларусі і ЕС.

Беларускі бок прадставіць інфармацыю аб ходзе прыватызацыі і эканамічнай лібералізацыі ў Беларусі, стане спраў у Мытным саюзе Беларусі, Казахстана і Расіі.
Першы раўнд дыялогу прайшоў 6 кастрычніка 2011 года ў Мінску.

Сяргей Пульша, БелаПАН