За верасень адмоўнае знешнегандлёвае сальда Беларусі вырасла на $500 млн
Сальда знешняга гандлю таварамі за студзень—верасень 2013 года склала мінус 3 млрд. 263,4 млн. долараў, паведамляе Белстат. У студзені—жніўні гэты паказчык складаў мінус 2 млрд. 778,9 млн. долараў. Такім чынам, за адзін месяц адмоўнае сальда вырасла на 484,5 млн. долараў.
У студзені—верасні 2012 года сальда знешняга гандлю таварамі было станоўчым і складала 1 млрд. 481,9 млн. долараў.
Экспарт беларускіх тавараў за дзевяць месяцаў гэтага года скараціўся на 21,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага і склаў 28 млрд. 557,3 млн. долараў. Імпарт паменшыўся на 8,6% да 31
млрд. 820,7 млн. долараў.
Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі назіраецца, у прыватнасці, з краінамі СНД (3.948,5 млн. долараў), у тым ліку партнёрам Беларусі па Мытным саюзе і ЕЭП Расіяй — мінус 4.525,3 млн.
долараў.
Экспарт у краіны СНД скараціўся на 1,6% (да 17.294,1 млн. долараў) у параўнанні са студзенем—вераснем 2012 года, імпарт — на 19,4% (да 18.820,7 млн.).
Што датычыцца краін МС і ЕЭП, то тавараабарот з Расіяй паменшыўся на 11,1% (да 26.645,3 млн. долараў), экспарт жа павялічыўся на 5,8% (да 12.560 млн. долараў).
Станоўчым сальда знешняга гандлю таварамі застаецца з Казахстанам (576,8 млн. долараў) і краінамі ЕС (665,8 млн. долараў). Летась за аналагічны перыяд сальда ў гандлі з ЕС складала плюс 8.395,6
млн. долараў. Разам з тым тавараабарот з Казахстанам паменшыўся на 4,2% (да 701,6 млн. долараў), экспарт застаўся на ўзроўні мінулага года, а імпарт стаў менш на 32,9%.
Тавараабарот з краінамі ЕС скараціўся на 25,1% (да 15.991,4 млн. долараў). Экспарт паменшыўся на 44% (да 8.328,6 млн.), імпарт вырас на 18,3% (да 7.662,8 млн. долараў).
belapan.com