За апошнія 15 месяцаў беларускі рубель дэвальваваў на 55%
Дэвальвацыя ў Беларусі за апошнія 15 месяцаў склала амаль 55%, а дакладней — 54,99%. Сінявокая знаходзіцца на трэцім месцы па дэвальвацыі сярод краінаў былога СССР.
Пра гэта сведчыць праведзены БелаПАН аналіз каціровак на 31 снежня 2013 года і 31 сакавіка 2015 года.
У першую тройку па росце афіцыйнага курсу долара ЗША ўвайшлі Украіна — у 2,93 разы (з 7,99 да 23,44 грыўны), Расія — на 78,63% (з 32,73 да 58,46 рубля) і Беларусь — на 54,99% (з 9.510 да 14.740 рублёў).
Увогуле, за апошнія 15 месяцаў (са студзеня 2014 года па сакавік 2015 года) дэвальвацыя валюты адбылася ва ўсіх без выключэння былых рэспубліках СССР. Працэнты і курсы акругленыя да сотых (за выключэннем Латвіі, Літвы і Эстоніі, дзе курсы акругленыя да тысячных).
За першай тройкай далей размясціліся:
Малдова — 40,76% (з 13,06 да 18,38 лея);
Азербайджан — на 33,65% (з 0,78 да 1,05 маната);
Кыргызстан — на 29,70% (з 49,25 да 63,87 сома);
Грузія — на 28,29% (з 1,74 да 2,23 лары);
Эстонія — на 28,19% (з 0,725 да 0,929 еўра);
Літва — на 27,87% (з 0,727 да 0,929 еўра);
Латвія — на 26,84% (з 0,733 да 0,929 еўра);
Туркменістан — на 22,81% (з 2,85 да 3,50 маната);
Таджыкістан — на 21,52% (з 4,7741 да 5,8014 самоні);
Казахстан — на 20,86% (са 153,61 да 185,65 тэнге);
Арменія — на 16,14% (з 405,64 да 471,13 драма);
Узбекістан — на 13,08% (з 2.202,20 да 2.490,20 сума).
Каціроўкі ў Латвіі і Літве на 31 снежня 2013 года пераведзеныя ў еўра, які быў уведзены адпаведна ў 2014 і 2015 гадах.