З 1 студзеня для прадпрыемстваў Беларусі патаннеюць газ і электрычнасць

Рашэнне пра зніжэнне тарыфаў на энергарэсурсы для рэальнага сектара эканомікі прыняў беларускі ўрад.



2012_07_04_03_thick_pack_money.jpg

Як інфармуе прэс-служба Саўміна, з 1 студзеня 2014 года зніжаюцца цэны на прыродны газ для спажыўцоў рэальнага сектара эканомікі больш чым на 10 долараў, у тым ліку для асобных юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў — на 7,25 долара.

Зніжэнне цаны на прыродны газ на 13% устаноўлена вытворцам азотных угнаенняў, на 7,5% — вытворцам гародніны, бюджэтным арганізацыям і арганізацыям Жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама на 7,7% — арганізацыям электраэнергетыкі.

Акрамя таго, з Новага года зніжаюцца тарыфы на 0,5 цэнта за кВт на электрычную энергію, якую адпускаюць буйным прамысловым прадпрыемствам, а для шэрагу буйных прадпрыемстваў — на 3,5 цэнта.

Тарыфы на цеплавую энергію для буйных прадпрыемстваў хімічнай, цэлюлознапапяровай прамысловасці знізяцца амаль на 16%.

Мяркуецца, што рашэнне ўраду дапаможа павысіць канкурэнтаздольнасць айчынных вытворцаў.  

euroradio.fm