З чаго пачнецца «эканоміка 4.0»?
У партыйным часопісе кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Ігар Барысаў напісаў пра «эканоміку 4.0».
Сутнасць артыкула ў тым, што «эканоміка 4.0» уяўляе сабой інтэлектуалізацыю і рабатызацыю вытворчасцяў. Непазбежным следствам гэтага з’яўляецца тое, што чалавек практычна сыходзіць ад вытворчасці — за выключэннем кантралюючых функцый. Але... Даброты, якія ствараюць робаты, трэба камусьці спажываць? Вырабленую прадукцыю (на карысць чалавека) трэба камусьці прымаць?
Таму ў развітых краінах пачынаецца палітыка «безумоўнага базавага прыбытку». Гэта значыць, незалежна ад свайго сацыяльнага статусу кожны грамадзянін атрымлівае «безумоўны прыбытак». Эксперымент па яго ўвядзенні з 1 студзеня 2017 года праходзіць у Фінляндыі. Агульнаеўрапейскае апытанне ў красавіку 2016 года паказала, што 64% жыхароў Еўрасаюза падтрымалі б яго ўвядзенне. 35% дасведчаныя наконт такой працэдуры, 23% кажуць, што цалкам разумеюць сутнасць і задачы гэтай праграмы, 25% чулі пра яе.
Апошнім часам, калі я слухаю развагі пра «бітву за ўраджай» і «харчовую бяспеку», часцяком згадваю гэты артыкул. Асабліва калі прыходжу ў краму і бачу, што часнык у нас — кітайскі. Польскія яблыкі каштуюць танней за беларускія. Італьянскія таматы — таксама танней за айчынныя. Бульбу ў крамах купляюць, па маім досведзе, толькі па неабходнасці, танней узяць яе ў прыватнікаў на рынку. Не кажучы ўжо, вядома, пра экзатычную садавіну і гародніну.
Узнікае пытанне: ці ёсць у нас харчовая бяспека наогул? Да чаго гэта? Да эфектыўнасці нашай сельскай гаспадаркі. Калі польскія яблыкі каштуюць танней за беларускія, і яны лепшыя — хто купіць беларускія? Калі мы закупляем таматы ў Турцыі — ці варта марнаваць грошы на іх вытворчасць тут? І ніхто не кажа, чаму замежныя прадукты каштуюць у нашых крамах значна менш, чым айчынныя.
Тут і ўзнікае ідэя ў рэчышчы «эканомікі 4.0» і «безумоўнага базавага прыбытку». Можа, варта проста ліквідаваць нашу сельскую гаспадарку, а ўсім, хто там працуе, выплачваць той самы «ББП»? Ну навошта нам плаціць заробак, субсідыі і іншыя бонусы, калі замежная прадукцыя лепей, танней, і, можа, таму больш прысутнічае ў нашых крамах? Нашы ж, так ці інакш, атрымаюць страты, калі іх прадукцыя даражэйшая і горшая? Калі беларускія яблыкі і агуркі каштуюць больш, чым польскія?
Нам патрэбна інавацыйная эканоміка. І яе якраз можна пачаць з сельскай гаспадаркі, яе кардынальнай рэформы. Давайце выдаваць субсідыі тым, хто хоча і можа працаваць на зямлі. Давайце субсідаваць эфектыўныя гаспадаркі. Мяса-малочны комплекс у нас нядрэнны — яму і дамо шанц на развіццё. А астатнім — ці важна ім, як яны атрымаюць грошы? Як субсідыю ці як «безумоўны базавы прыбытак»?
Многія скажуць, што беларускага бюджэту на гэта не хопіць. Але, паводле перапісу насельніцтва 2009 года, 70% беларускага насельніцтва жыве ў гарадах і не ўдзельнічае ў аграрнай вытворчасці. Забяспечыць астатнія 30% «безумоўным базавым прыбыткам» за кошт сродкаў, зэканомленых на пасяўной і ўборачнай — думаю, рэальна.
Безумоўна, ідэя патрабуе дапрацоўкі. Трэба думаць, што зрабіць з тымі, хто гатовы працаваць на зямлі. Але цяпер ёсць мноства магчымасцяў — экапрадукцыя, аграгарадкі, экатурызм. Людзі, якія перасяляюцца з гарадоў у вёску, знайшлі сваю нішу і папулярнасць. Варта ўзгадаць у гэтай плыні адно толькі Андруся Горвата з яго казой і яго кніжкамі.
Хто можа нешта рабіць — няхай робіць, і ім трэба падтрымка. Ім падтрымку і можна забяспечыць. Астатнім, магчыма, у рэчышчы «эканомікі 4.0» можна забяспечыць базавы даход. У любым выпадку, ён не будзе меншым, чым цяпер заробкі ў тых, хто працуе ў разнастайных СВК і аграрных вытворчасцях. Калі яны хочуць працаваць — хай працуюць. Вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю, развіваюць вытворчасць, укладаюць туды душу, рукі і ўменні. А астатнія... Можа, хай траву косяць і за кошт «базавага даходу» жывуць?
Зразумела, што гэта толькі фантастыка. Але фантастыка, верагодна, з перспектывай на рэалізацыю. Калі ў нас бульба ў краме іспанская, а грэчка — расійская, можа, не трэба нам такая «сельская гаспадарка»? Можа, пашукаць нешта незвычайнае?