Вельмі грошы патрэбныя…

Беларуская сацыяльная мадэль — дзіўная рэч. «Дзяржава для народа» робіць усё дзеля народа. І кошты заціскае, і нормы ўсталёўвае. Але ж гэтыя нормы і кошты, падлюкі, ніяк не хочуць служыць свайму народу!



suba_precios.jpg

Вось, напрыклад, у сярэдзіне снежня мінулага года Аляксандр Рыгоравіч «замарозіў цэны», каб «людзі маглі адсвяткаваць Каляды». Потым Мінэканомікі патлумачыла, што замарозка бестэрміновая. Вынік гэтай замарозкі за першы месяц Новага года зараз падлічыў родны Белстат.

Аказваецца, у выніку фінансавага марозу інфляцыя за студзень склала 2,4%. Харчовыя тавары падаражэлі на 1,8%, нехарчовыя — на 2,4%. Цэны і тарыфы на платныя паслугі выраслі на 3,9%.

З харчовых тавараў у студзені больш за ўсё падаражэлі гародніна — на 22%, садавіна — 16,4%, бульба — 6%, кансервы рыбныя — 4,8%. Інфляцыю па групе нехарчовых тавараў забяспечылі бензін — рост 4,6%, ровары і матацыклы — 9,3%, медыкаменты — 2,2%. У сферы паслуг у студзені найбольшы рост коштаў і тарыфаў паказалі паслугі ЖКГ — 5,1%, паветраны і міжнародны чыгуначны пасажырскі транспарт — адпаведна 16% і 17,5%.

Варта зазначыць, што, напрыклад, у мінулым 2014 годзе ніякіх забаронаў на навагодні рост цэнаў не было. То бок, яны маглі ўзрастаць, як хочуць. І за студзень 2014-га інфляцыя склала толькі 1,6%. Чаму замарожаныя цэны не слухаюцца Аляксандра Рыгоравіча? Можа, яны, наадварот, адмарожаныя?

Ва ўмовах «замарозкі» працягваюць расці тарыфы і плацяжы. Напрыклад, Мінскі аблвыканкам павысіў стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб на тэрыторыі Мінскай вобласці ў сярэднім на 20%. Адкуль жа прадпрымальнікі возьмуць грошы? Цэны павышаць забаронена, а падаткі павышаюцца і павышаюцца. Скажам шчыра — у такіх умовах працаваць нельга.

І, канешне ж, ІПшнікі не працуюць. Варта зайсці, напрыклад, у мінскія гандлёвыя цэнтры, як гэта зрабіў карэспандэнт Радыё «Свабода». «Традыцыйна ажыўлены і папулярны ў пакупнікоў «Паркінг» сёння здзіўляе сваёй пустатой. Значная частка павільёнаў зачынена, на многіх вісяць аб'явы аб тэрміновым продажы або здачу ў арэнду», — напісала «Свабода». З ростам падаткаў будуць закрывацца і тыя, хто яшчэ застаўся на плаву. А знікненне прадпрымальнікаў, перш за ўсё, ударыць па асартыменту тавараў у краіне. Значыць, прывітанне, дэфіцыт?

Але ж уладзе патрэбныя грошы, і шмат грошай. І новыя ініцыятывы ўладаў па параўнальна сумленнаму ад’ёму грошай у насельніцтва ўжо даходзяць да мяжы рабаўніцтва.

Вядома, што падчас нашай 40-працэнтнай дэвальвацыі і нястачы замежных грошай у краіне зноў з’явіліся валютчыкі. Яны так намазолілі вочы кіраўніцтву, што Аляксандр Рыгоравіч падпісаў новы ўказ па барацьбе з імі. Вельмі цікавы дакумент.

Справа не ў тым, што ўказам павялічваюцца штрафы за «незаконныя валютныя аперацыі» ад 100 да 300 базавых велічынь, у залежнасці ад таго, хто як і калі гэтыя аперацыі здзейсніў. Гэтым дакументам прадугледжваецца (увага!) магчымасць канфіскацыі не толькі той замежнай валюты, якая з'яўляецца прадметам адміністрацыйнага правапарушэння, але і ўсёй замежнай валюты і іншых грашовых сродкаў, якія знаходзяцца ў вінаватай асобы пры сабе на момант здзяйснення правапарушэння.

То бок, тое, што мы бачым у расійскіх бандыцкіх серыялах, калі ў затрыманага пярэваратні ў пагонах нахабна ачышчаюць гаманец, у Беларусі становіцца цалкам законным! Пакуль толькі ў дачыненні да валютчыкаў, але, як сведчыць практыка, ад адной катэгорыі грамадзянаў да ўсіх грамадзянаў — адзін крок.

Больш за тое, устанаўліваецца і адміністрацыйная адказнасць за замах на скупку, продаж, абмен замежнай валюты, якія ажыццяўляюцца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) або дзяржаўнай рэгістрацыі. А што такое «замах»? Вось, скажам, прыехаў сюды расіянін, заблытаўся ў нашых нулях на купюрах і пытаецца: «А колькі гэта будзе ў доларах альбо расійскіх рублях»? Вось табе і гатовы замах з наступнай ачысткай гаманца.

Нават спробы Мінэканомікі неяк спрасціць жыццё людзям ні да чаго не прыводзяць. Напрыклад, гэтае ведамства на тыдні нас узрадавала тым, што папоўніла пералік рэгулюемых цэн тарыфам на міжсеткавы трафік аператараў мабільнай сувязі. Гранічны максімальны тарыф на пропуск трафіку мабільных аператараў праз сеткі ўпаўнаважаных аператараў складае 82 рублі за хвіліну.

Спачатку ўсе ўзрадаваліся: «Ваў! Званкі ў іншыя сеткі патаннеюць да 82 рублёў!» Але рана радаваліся дзяўчынкі і хлопчыкі. Усё зусім не так. Проста таму, што аператарам мабільнай сувязі (як і інтэрнэт-правайдэрам) забаронена наўпрост абменьвацца трафікам. Званок з вашага мабільніка на мабільнік іншага аператара павінен абавязкова прайсці праз абсталяванне так званага «ўпаўнаважанага аператара сувязі». Раней такім аператарам выступаў Белтэлекам. Цяпер яго манаполія ўмоўна размытая за кошт уключэння ў канкурэнтную барацьбу РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» і СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі».

Такім чынам, 82 рублі — гэта кошт пераадрасацыі вашага званка да «ўпаўнаважанага аператара», а не аплата за званок у іншую сетку. Новы тарыф прывядзе, хутчэй, да павышэння кошту званка з адной мабільнай сеткі ў іншую, паколькі ў манапаліста Белтэлекама гэты тарыф усё ж такі быў ніжэйшы за 82 рубля за хвіліну.

Застаецца толькі патлумачыць, куды пойдуць усе гэтыя грошы, якія дзяржава імкнецца спагнаць з насельніцтва. Тлумачу: яны будуць зноў закапаныя і распіленыя. Урад краіны перагледзеў план крэдытавання эканомікі на 2015 год і вырашыў пашырыць задачу Банку развіцця па гэтым пытанні. У 2015 годзе Банк развіцця вылье ў фінансавую сістэму 10,2 трыльёна рублёў праз фінансаванне дзяржпраграм. Гэта на 1,95 трыльёна рублёў больш, чым было прадугледжана папярэднім планам. Колькасць праектаў, якія будзе фінансаваць Банк развіцця, павялічана з 35 да 67.

А што вы думалі? У нас жа наперадзе галоўная дзяржпраграма — пасяўная! А бензін, сабака, адмаўляецца чуць пра замарозку цэнаў! Нехта ж павінен плаціць за харчовую бяспеку?