Уладзімір Кавалкін: «Камуналка» працягне расці
«Рост камунальных паслуг для беларусаў будзе залежыць у тым ліку і ад таго, ці знізіць Расія цану на энерганосьбіты для Беларусі», — кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.
У летні сезон камунальныя паслугі практычна не змяніліся, але некаторыя называюць гэта «зацішшам перад бурай». Ці варта чакаць рэзкага падвышэння «камуналкі» пасля летняга адпачынку тарыфаў ЖКГ?
Уладзімір Кавалкін адзначыў:
— Хутчэй за ўсё, напрыканцы лета і восенню будуць адбывацца два паралельныя працэсы. Першы — невялікі рост тарыфаў. Другі — пачнецца ацяпляльны сезон і “жыроўкі” вырастуць да ўзроўню куды большага, чым раней. Тут, дарэчы, шмат будзе залежыць ад узаемадзеяння беларускіх уладаў з Расіяй, як яны дамовяцца па цэнах на энерганосьбіты. У прыватнасці — на газ. Бо да гэтага часу дамовіцца не могуць, а “Газпрам” наогул заяўляе, што наш доўг ужо пратэрмінаваны да 200 мільёнаў долараў. Гэта якраз і звязана з тым, што пытанне цаны не ўрэгулявана. Калі яно вырашыцца не на карысць Беларусі, то варта чакаць падвышэння тарыфаў на камунальныя паслугі. Вырастуць цэны на газ — падаражэе ацапленне.
— Ці можа Расія пайсці на саступкі і знізіць цану на газ?
— Думаю, яна можа пайсці не на саступкі ў плане зніжэння цаны на газ, а пакінуць яе на гэтым узроўні. Таму што Беларусь зараз знаходзіцца ў даволі складаным эканамічным становішчы. Трэці квартал – складаны, бо ў нас будуць вялікія плацяжы па знешнім доўгу. Нашаму бюджэту і ўраду трэба пакінуць нейкія рэзервы, каб выплаціць грошы і не дапусціць дэфолта. Таму зараз з Масквой і будуць весці актыўныя перамовы і па зніжэнні цэнаў, і наконт пралангацыі пазыкаў, і па адтэрміноўцы плацяжоў. Таму што іншага шляху няма. Гэта і стане лакмусавай паперкай у тым ліку і па тарыфах ЖКГ.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя