Улады бачаць рызыкі ўстойліваму развіццю краіны
Беларусь у сярэднетэрміновай перспектыве можа сутыкнуцца з рэалізацыяй дэмаграфічных і эканамічных рызык, якія могуць пагражаць яе развіццю, паведамляе БелаПАН.
Да такой высновы прыйшлі распрацоўшчыкі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця (НСУР) да 2035 года.
Падрыхтаваць гэтую стратэгію ўрад распарадзіўся ў маі бягучага года. Паводле звестак БелаПАН, да цяперашняга часу ўлады падрыхтавалі агульную ацэнку сітуацыі магчымых рызык і пагроз устойліваму развіццю да 2035 года. У гэтым раздзеле ўлады пералічваюць дасягненні дзяржаўнай палітыкі і магчымыя рызыкі.
Да ліку дасягненняў улады адносяць рост даходаў насельніцтва, павелічэнне памеру эканомікі, а таксама той факт, што за 2000—2017 гады чаканая працягласць жыцця павялічылася з 69 гадоў да 74,4 года. Акрамя гэтага, пазітыўныя змены ўлады бачаць і ў тым, што доля работнiкаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у агульнай колькасці работнікаў арганізацый Беларусі павялічылася з 41,2% у 2000-м да 55,3% на канец 2017 года.
Занепакоенасць у распрацоўшчыкаў стратэгіі ўстойлівага развіцця выклікаюць дэмаграфічныя працэсы, а таксама тэндэнцыі ў эканамічнай сферы.
Так, у 2017 годзе ў параўнанні з 2016-м сумарны каэфіцыент нараджальнасці (колькасць дзяцей, якую ў сярэднім магла б нарадзіць жанчына на працягу ўсяго рэпрадуктыўнага перыяду) знізіўся з 1,7 да 1,5, каэфіцыент дэпапуляцыі (суадносіны памерлых і тых, хто нарадзіўся) павялічыўся з 1 да 1,2.
"Значэнні паказчыкаў па-ранейшаму не ўкладваюцца ў парогавыя межы сацыяльнай бяспекі, што сведчыць аб захаванні актуальнасці дэмаграфічных праблем і ў доўгатэрміновай перспектыве", — адзначаюць распрацоўшчыкі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года.
Паводле іх ацэнак, у сярэднетэрміновай перспектыве існуе рызыка росту дэмаграфічнай нагрузкі з прычыны старэння насельніцтва. Згодна з дэмаграфічным прагнозам уладаў да 2030 года, праз 12 гадоў на 1000 працаздольных грамадзян будзе прыходзіцца 476 асоб старэйшых за працаздольны ўзрост (супраць 442 у 2017 годзе).
Акрамя дэмаграфічных існуюць і эканамічныя рызыкі ўстойліваму развіццю краіны, да ліку якіх улады адносяць нізкую аддачу ад інвестыцый.
Паводле ацэнак распрацоўшчыкаў стратэгіі, Беларусь ў 2016 годзе па прадукцыйнасці працы (разлічанай па валавым дабаўленым кошце) адставала ад узроўню Еўрапейскага саюза больш чым у шэсць разоў. Распрацоўшчыкі НСУР таксама звяртаюць увагу на той факт, што ў 2015—2018 гадах пастаянна пагаршаюцца пазіцыі Беларусі ў Глабальным рэйтынгу інавацый.
Улічваючы пералічаныя факты, беларускія ўлады бачаць пагрозу ў тым, што "павольныя тэмпы трансфармацыі эканамічных адносін" могуць прывесці да захавання "недастаткова эфектыўнай і высоказатратнай структуры эканомікі".
Дзмітрый Заяц, БелаПАН