У Мінску з’явіцца адзіны праязны: Колькі давядзецца заплаціць?
У Мінску хутка з’явіцца адзіны праязны на ўсе віды грамадскага транспарту, у тым ліку метро. Каштаваць ён будзе на месяц (ці 30 дзён) — 51,05 рубля.
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана рашэнне Мінгарвыканкама №2820 ад 20 ліпеня, якое тычыцца памеру тарыфаў на гарадскія перавозкі пасажыраў і ручной паклажы ўсімі відамі транспарту, за выключэннем чыгуначнага, у рэгулярных зносінах, паведамляе myfin.by.
У адпаведнасці з дакументам, у сталіцы з'явіцца адзіны праязны для большасці відаў гарадскога грамадскага транспарту – выключэннем стануць толькі экспрэс-аўтобусы, а таксама электрычкі. Для новага праязнога былі ўсталяваны наступныя расцэнкі:
- на 10 сутак — 17,93 рубля;
- на 15 сутак — 26,89 рубля;
- на 30 сутак і на каляндарны месяц — 51,05 рубля.
Згодна з пастановай, сталічныя ўлады таксама зафіксавалі бягучыя тарыфы на праезд у грамадскім транспарце: у аўтобусах, тралейбусах і трамваях – 85 капеек (на 5 капеек больш пры куплі талона ў кіроўцы), у метро – 90 капеек, у экспрэс-аўтобусах — 1 рубель (на 5 капеек больш пры куплі талона ў кіроўцы).
А вось для экспрэс-аўтобусаў катэгорыі М2 з масай меншай за 5 тон (у асноўным да яе належаць маршруткі) такой фіксацыі кошту праезду не адбылося – яе памер маюць права ўсталёўваць перавозчыкі, зыходзячы з гранічнага нарматыву рэнтабельнасці ў памеры 15%.
Рашэнне Мінгарвыканкама павінна ўступіць у сілу праз 5 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.