У Беларусь пачала паступаць нарвежская нафта
Першая партыя нарвежскай нафты прыбыла ў Наваполацк для перапрацоўкі на ААТ «Нафтан», паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе канцэрна «Белнафтахім».
«Склад з першай партыяй нарвежскай нафты раніцай у нядзелю прыбыў на станцыю "Наваполацк". Пасля афармлення неабходных дакументаў нафта пачне паступаць на НПЗ», — праінфармавалі ў прэс-службе.
Як паведамлялася, нарвежскае судна Breiviken даставіла ў пятніцу ў порт Клайпеды 80 тысяч тон сыравіннай нафты, прызначанай для беларускага нафтаперапрацоўчага завода «Нафтан». Дастаўка яе да НПЗ ажыццяўляецца па чыгунцы.
Прадстаўнікі Літоўскіх чыгунак удакладнялі, што ў суткі плануецца адпраўляць па 90 вагонаў ці два саставы па 40-50 вагонаў кожны. Увесь груз мяркуецца даставіць на працягу двух тыдняў.
Паколькі Масква і Мінск не заключылі пагадненне аб умовах паставак нафты ў 2020 годзе, Расія з 1 студзеня спыніла пастаўку нафты беларускім нафтаперапрацоўчым заводам (НПЗ), хоць з 4 студзеня прыпыненыя пастаўкі былі часткова адноўленыя нафтавымі кампаніямі групы «Сафмар» Міхаіла Гуцырыева.
Беларускія ўлады паведамілі, што прапановы аб імпарце нафты яны накіравалі Балтыйскім краінам, Польшчы, Украіне, Казахстану і Азербайджану. Акрамя таго, па словах Аляксандра Лукашэнкі, перамовы аб пастаўках нафты вядуцца таксама з ЗША, Саудаўскай Аравіяй і ААЭ.
21 студзеня Лукашэнка заявіў, што краіна будзе дамагацца таго, каб увазная з Расіі нафта складала 30-40% усёй патрэбы, а па 30% нафты яна павінна імпартаваць праз Балтыйскія краіны і Украіну.
У мінулым годзе Беларусь імпартавала з РФ 17,6 млн тон нафты.