Talaka.by запусціла ўнікальны «сервіс народнага фінансавання»
Праект Talakosht працуе некалькі дзён, але цікавасць да яго, паводле лідараў Talaka.by, расце. Механізм збору сродкаў істотна адрозніваецца ад ранейшых падобных праектаў.
Краўдфандынгавы сервіс Talakosht стартаваў 31 сакавіка дзеля збору сродкаў на рэалізацыю сацыяльна важных праектаў. Стваральнікі сервісу — каманда Talaka.by — кажуць пра ўнікальнасць беларускага праекту. У чым выяўляецца гэтая ўнікальнасць Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» распавёў адзін з лідараў Talaka.by Яўген Клішэвіч.
«Асноўнае адрозненне нашага Talakosht ад усіх краўдфандынгавых пляцовак палягае ў тым, што наш праект — гэта частка нечага большага, то бок частка вялікай платформы Talaka.by, пляцоўка для сацыяльных інавацыяў. Калі вы жадаеце нейкімі праектамі, ідэямі, дзеяннямі паляпшаць Беларусь, то можаце прыходзіць сюды і знаходзіць аднадумцаў і шляхі рэалізацыі,— кажа Яўген Клішэвіч. — На заходніх пляцоўках размяшчаюцца ўжо гатовыя праекты, застаецца толькі сабраць сродкі на практычную рэалізацыю. У іх звычайна ўжо ёсць прататыпы, ёсць каманды, планы, яны кажуць: «Давайце, скінемся грашыма, а мы вось зробім такую класную штуку». Мы ж ахопліваем больш шырока кола людзей. То бок, калі ў вас ёсць ідэі і жаданне нешта рабіць, то вы можаце прыйсці і пачаць рэалізоўваць свой праект, шукаць і далучаць аднадумцаў — і ўжо пасля запусціць краўдфандынгавую кампанію».
Паводле канцэпцыі арганізатараў, збор сродкаў — гэта толькі частка рэалізацыі праекта:
«Мы ўпэўненыя, што амаль любы праект можна рабіць цалкам без грошай, проста прыцягваючы неабыякавых людзей, якія і будуць выконваць неабходныя дзеянні. Але часам узнікаюць сітуацыі, калі патрэбныя «жывыя» грошы, каб, прыкладам, паскорыцца ці знайсці рэдкага спецыяліста. Калі рэзюмаваць, то праз платформу можна спачатку сабраць каманду, зрабіць план праекта — і пасля ўжо, пры неабходнасці, пачынаць збіраць сродкі. А для тых, хто ўдзельнічае ў якасці спонсараў, гэта яшчэ цікава з таго пункту гледжання, што сувязь з праектам не абрываецца пасля таго, як на яго сабраныя грошы і ён рэалізаваўся. Бо абавязковай умовай на нашай платформе ёсць тое, што аўтары мусяць апісваць хаду і рэалізацыю праекта, у прыватнасці, куды пайшлі сабраныя сродкі і г.д. Таму спонсары могуць сачыць за развіццём праекта, радавацца за яго ці ўключацца ў працу, калі ім гэта цікава, і яны лічаць тое неабходным».
Заўважым, што праект не патрабуе неадкладнага пераліку грошай, тут працуе механізм абяцанняў.
«Адметнасць тут у тым, што аўтары праекта заяўляюць пэўную суму, але грошы пераводзяцца толькі ў тым выпадку, калі збіраецца неабходная колькасць абяцанняў, крытычная маса. Гэта не менш 25% ад неабходнай сумы. Калі сума ў абяцаннях менш гэтай планкі, то, мяркую, за праект пакуль не варта брацца, лепш яго дапрацаваць. Наўрад ці праект стане эфектыўным, калі, прыкладам, ён каштуе 10 мільёнаў, а вы сабралі толькі адзін. З аднаго боку, гэта страховачны механізм, з другога, гэта тэстэр прывабнасці вашай ідэі», — тлумачыць Яўген Клішэвіч.
Ад пачатку працы праекта — крыху больш за тыдзень — на пляцоўцы ўжо з'явілася 12 праектаў, 15 праектаў — на этапе падрыхтоўкі да размяшчэння. «Сабрана абяцанняў на 30 мільёнаў рублёў. Людзі прыглядаюцца, цікавяцца. Але наперадзе — неўзаранае поле працы»,— падкрэслівае Яўген Клішэвіч.