Сусветны банк разгледзіць новую стратэгію па Беларусі вясной 2013 года

Савет дырэктараў Сусветнага банка разгледзіць новую краінавую стратэгію па Беларусі вясной 2013 года. Пра гэта паведаміў 17 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC) ва Украіне і Беларусі Руфат Алімарданаў.
 



ip4pm_w465h262.jpg

"Зараз працягваецца этап кансультацый з урадам Беларусі па новай стратэгіі партнёрства з Сусветным банкам, у тым ліку з IFC і Шматбаковым агенцтвам па гарантаванні інвестыцый", — удакладніў Алімарданаў.
 


Перыяд дзеяння папярэдняй стратэгіі Сусветнага банка па Беларусі завяршыўся летам 2011 года.


У ліпені мінулага года пытанне аб прыняцці новай стратэгіі абмяркоўвалася падчас візіту ў Мінск рэгіянальнага дырэктара Сусветнага банка ў Беларусі, Малдове і Украіне Чымяо Фана. Падчас сустрэчы з кіраўніком беларускага ўрада Міхаілам Мясніковічам ён заявіў, што прыняцце новай стратэгіі для Беларусі залежыць ад асноўных акцыянераў банка.


У сваю чаргу Мясніковіч прасіў Чымяо Фана паскорыць падрыхтоўку гэтага дакумента, пасля прыняцця якога беларускі бок разлічвае атрымаць ад банка новую пазыку на мэты развіцця.
 


Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. У краіне рэалізавана і рэалізуецца 13 праектаў на 900 млн. долараў у энергетыцы, лясной гаспадарцы, сферы стварэння дарожнай інфраструктуры.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН