Стаўка рэфінансавання зніжаецца да 15% гадавых
Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб зніжэнні з 15 сакавіка стаўкі рэфінансавання з 16 да 15% гадавых.
Зніжэнне стала магчымым у сувязі з запаволеннем інфляцыі, а таксама станоўчымі тэндэнцыямі на валютным і дэпазітным рынках, патлумачыла прэс-служба Нацбанка.
Акрамя стаўкі рэфінансавання прынятае рашэнне аб зніжэнні ставак па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях па падтрымцы бягучай ліквіднасці банкаў — з 20 да 18% гадавых і ставак па пастаянна даступных аперацыях выемкі ліквіднасці — з 11 да 10% гадавых.
Як адзначае прэс-служба Нацбанка, інфляцыя працягвае зніжацца, і яе запаволенне адбываецца больш значнымі тэмпамі, чым чакалася раней. Прырост спажывецкіх цэн, па абноўленай ацэнцы, у лютым—красавіку 2017 года не перавысіць 8% у гадавым выражэнні.
Як адзначаюць у Нацбанку, узмацненне тэндэнцыі запаволення інфляцыі звязанае з умацаваннем беларускага рубля ў студзені—лютым, якое абумоўленае значным перавышэннем прапановы замежнай валюты над попытам на яе на ўнутраным валютным рынку. Чыстая прапанова валюты сфармавалася "галоўным чынам за кошт продажу валюты насельніцтвам на фоне збалансаванасці аперацый суб`ектаў гаспадарання".
Манетарныя ўмовы застаюцца базавым фактарам, які стрымлівае інфляцыю. Сярэдняя шырокая грашовая маса ў лютым 2017 года ў адносінах да лютага 2016 года павялічылася на 1% (без уліку змены рублёвага эквіваленту валютнага складніка грашовай масы).
На дэпазітным рынку захоўваецца станоўчая дынаміка ўкладаў насельніцтва ў беларускіх рублях з улікам прывабнага ўзроўню іх прыбытковасці ў рэальным выражэнні.
"Далейшае запаволенне інфляцыйных працэсаў, а таксама захаванне пазітыўных тэндэнцый на валютным і дэпазітным рынках дазволіць захаваць найбліжэйшымі месяцамі накіраванасць працэнтнай палітыкі на зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.
У 2017 годзе стаўка рэфінансавання зніжалася ўжо двойчы: 18 студзеня — з 18 да 17% гадавых, а 15 лютага — з 17 да 16% гадавых.
У 2016 годзе Нацбанк зніжаў яе чатыры разы: з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.
Сёлета, паводле афіцыйнага прагнозу рэгулятара, інфляцыя знізіцца да 9%, а стаўка рэфінансавання да канца года — да 14%.
Аляксей Арэшка, БелаПАН