Старыя песні аб галоўным. Чаму не спрацуюць крыніцы росту эканомікі Беларусі

5 красавіка Палата прадстаўнікоў разгледзіць праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016-2020 гадах. Гэты дакумент дапрацоўваецца да апошняга дня. Дэпутаты пачнуць яго абмяркоўваць не ў 10 гадзін раніцы, як звычайна, а ў 15.00.

prog1.jpg


Напярэдадні на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па распрацоўцы праекта праграмы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты назваў 9 крыніц росту эканомікі краіны.

 

На просьбу «Радыё Свабода» эканаміст Леў Марголін пракаментаваў планы ўрада па кожнай з дзевяці пазіцый, якія ва ўрадзе называюць «асноўнымі крыніцамі эканамічнага росту».

 

Першая: «Забеспячэнне прыбытковай работы буйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў пры змене якасці кіравання іх актывамі і зніжэнні сабекошту прадукцыі».

 

Каментар эканаміста: «Дзяржаўныя прадпрыемствы па вызначэнні не могуць быць лідэрамі пераўтварэнняў у эканоміцы, не могуць быць крыніцай павышэння эфектыўнасці эканомікі. Ураду нічога не перашкаджала і раней займацца дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Але з гэтага нічога не выйшла».

 

Другая: «Павышэнне плацежнай дысцыпліны ва ўзаемаразліках за пастаўленыя тавары, работы, паслугі».

 

Каментар эканаміста: «Калі ёсць праблемы з плацяжамі, то гэта не ад таго, што існуюць праблемы з дысцыплінай. Праблемы з-за таго, што не хапае грошай. Адкуль яны з’явяцца, незразумела».

 

Трэцяя: «Развіццё добрасумленнай канкурэнцыі і пакета антыманапольных мер».

 

Каментар эканаміста: «Гэта было б нядрэнна. Але такое магчыма пры поўнай роўнасці ўсіх формаў уласнасці — дзяржаўнай, прыватнай і г.д. У тым, што роўнасць будзе забяспечана, я сумняюся».

 

Чацвёртая: «Развіццё і дыверсіфікацыя экспарту».

 

Каментар эканаміста: «А хто перашкаджаў развіваць экспарт да гэтага часу? Ужо ж спрабавалі ахапіць і блізкія краіны, і далёкія. Ездзілі «туды, дзе нас не ведаюць». Вынік — аднолькавы».

 

margolin_1.jpg



Пятая: «Рацыянальнае імпартазамяшчэнне праз галіновыя і рэгіянальныя праграмы ў рамках трох груп імпартных тавараў і ўзмацненне механізмаў абароны ўнутранага рынку, у тым ліку з увагай на ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных утварэннях (ЕАЭС і патэнцыйна СГА)».

 

Каментар эканаміста: «Пра імпартазамяшчэнне ў нас ужо казалі шмат. Адзінае, што да гэтага я хачу дадаць, — што найбольш яркі прыклад імпартазамяшчэння свет мае ў Паўночнай Карэі. Калі мы будзем рухацца гэтым курсам, мы маем шанцы яе абагнаць».

 

Шостая: «Паскоранае развіццё малога і сярэдняга бізнесу, яго ўцягванне ў праграмы імпартазамяшчэння, асабліва рэгіянальныя».

 

Каментар эканаміста: «Незразумела, што маецца на ўвазе пад вызначэннем «малы бізнэс». Бо як паводзіць сябе ўрад у дачыненні да прадпрымальнікаў, мы ясна бачылі ўвесь першы квартал. І нейкіх зменаў тут не прадбачыцца».

 

Сёмая: «Прыцягненне замежнага капіталу ў стварэнне вытворчасцей, асваенне крэдытных ліній КНР».

 

Каментар эканаміста: «Ніхто не перашкаджаў да гэтага часу асвойваць крэдытныя лініі Кітая. А што тычыцца прыцягнення замежнага капіталу, то ніякі сур’ёзны замежны капітал сюды не прыйдзе без рэфармавання не толькі эканомікі, але і палітычнай і прававой сістэм».

 

Восьмая: «Зніжэнне ставак па банкаўскіх крэдытах».

 

Каментар эканаміста: «Гэта правільны ход. Але пры ўмове, што ўрад зможа яго зрабіць».

 

Дзявятая: «Забеспячэнне паўсюднай эканоміі і эфектыўнага выкарыстання ўсіх відаў рэсурсаў».

 

Каментар эканаміста: «Гэта з сацыялістычнага мінулага — «эканоміка павінна быць эканомнай».