Станіслаў Багданкевіч: У першую чаргу — вырашыць праблему інфляцыі

Банкі зацікаўленыя ў зніжэнні ставак па крэдытах, — заявіў старшыня праўлення “Белаграпрамбанка” Сяргей Чугай. Як распавёў карэспандэнту Радыё "Рацыя" былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, зніжэння крэдытных ставак не адбудзецца, пакуль захаваецца высокі ўзровень інфляцыі.



bogdankevich.jpg

Станіслаў Багданкевіч. Фота gazetaby.com

Па словах Чугая, эфектыўны кошт вялікіх працэнтных ставак для банкіраў вельмі высокі, і банкі зацікаўлены, каб стаўкі былі ніжэй. Разам з тым, дадаў банкір, кошт крэдытных ставак складваецца з кошту прапаноў рэсурсаў.


А тым часам Нацыянальны банк Беларусі, як вядома, прыняў рашэнне не змяняць у сакавіку памер стаўкі рэфінансавання, пакінуўшы яе на ўзроўні 23,5% гадавых.

"Дынаміка інфляцыйных працэсаў з пачатку года складваецца вышэй прагнозных значэнняў. У лютым 2014 года спажывецкія кошты павялічыліся на 2%, у студзені — на 1,6%. З мэтай абмежавання інфляцыі і падтрымання прывабных умоваў захоўвання рублёвых сродкаў у банках стаўка рэфінансавання ў сакавіку 2014 года застанецца на ранейшым узроўні", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Станіслаў Багданкевіч:Сёння наогул для дзяржавы вельмі важна, каб працэнтныя стаўкі не былі такімі вялізнымі, як зараз — пад 50, 70, 100 працэнтаў... Яны не з’яўляюцца эканамічна абгрунтаванымі, калі ўзяць за аснову, што інфляцыя за мінулы год склала 16,5 працэнты. Калі паверыць гэтай афіцыйнай лічбе, то крэдытная стаўка павінна быць ніяк не 50 працэнтаў, а менш. Тэарэтычна, працэнтныя стаўкі па крэдытах не нашмат павінны адрознівацца ад узроўню інфляцыі. Але тут трэба яшчэ казаць, што трэба вырашаць праблему і па зніжэнні працэнтных ставак па дэпазітах, якія ў сярэднім складаюць 46,9 працэнты. Бо крэдытныя стаўкі не могуць быць ніжэйшымі за стаўкі па дэпазітах. У іншым выпадку банкаўскі капітал проста праядуць, а банкі абанкруцяцца.

РР: Банкі самі ўстанаўліваюць такія стаўкі?

Станіслаў Багданкевіч: Так, яны арыентуюцца на ўзровень інфляцыі і прыбытковасць. Таму я разумею, што банкі зацікаўлены ў зніжэнні ставак па крэдытам, але зрабіць гэта яны не могуць. Трэба вырашаць усе праблемы ў комплексе. І ў першую чаргу, як я ўжо казаў, праблему інфляцыі.

РР: Інфляцыя пакуль у межах нормы?
 

Станіслаў Багданкевіч: Думаю, што не ў межах. За два месяцы інфляцыя ў Беларусі склала 3,6 працэнты, а гэта амаль гадавы ўзровень у Еўропе. З такімі тэмпамі да канца года інфляцыя ў нас можа быць больш за 20 працэнтаў. І ў такім выпадку аб зніжэнні крэдытных ставак марыць не даводзіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя