Сілавікі ўзяліся за банкіраў
Праваахоўныя органы ўжо больш за месяц расследуюць крымінальныя справы ў дачыненні да шэрагу банкаўскіх работнікаў. Пра гэта TUT.BY распавялі інфармаваныя крыніцы.
«Цяпер у справе фігуруюць кіраўнікі адпаведных падраздзяленняў камерцыйных банкаў, топ-менеджары кампаній-пастаўшчыкоў. Былі пытанні і да работнікаў Нацбанка», — сказаў суразмоўца. Аднак не да ўсіх з іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Прычынай затрымання банкаўскіх кіраўнікоў, па словах суразмоўцы, сталі пытанні закупак абсталявання і софту па завышаным кошце.
Журналісты паспрабавалі высветліць месцазнаходжанне некаторых банкіраў і атрымаць каментар з першых вуснаў.
Уладзімір Кучынскі з нядаўніх часоў не працуе начальнікам Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацбанка. Не знайшоўся на працоўным месцы і кіраўнік Галоўнага ўпраўлення плацежных сістэм і лічбавых тэхналогій Нацбанка Ігар Кудасаў. «Кучынскі ўжо не працуе. Што тычыцца Кудасава, то ён на працоўным месцы адсутнічае», — канстатавалі ў Нацбанку, але не назвалі прычыну кадравых ратацый і месцазнаходжанне дадзеных асоб.
Працяглы час на працоўным месцы адсутнічаў і начальнік упраўлення інфармацыйнай бяспекі Беларусбанка Аляксей Мілаванаў. Яго падначаленыя не змаглі назваць месцазнаходжанне кіраўніка. Запыт, накіраваны некалькі тыдняў таму ў прэс-службу Беларусбанка, застаўся без адказу.
Начальнік аддзела арганізацыі закупак Банка ВТБ (Беларусь) Аляксандр Лісафін быў на бальнічным, распавялі яго падначаленыя. Прэс-служба банка не адказала на запыт.
У прэс-службе КДБ адмовіліся ад каментароў.
Варта нагадаць, што ў сярэдзіне студзеня з'явілася інфармацыя пра затрыманне старшыні праўлення ААТ «Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр» (БМРЦ) Фелікса Каспяровіча. 28 лютага адбылося паседжанне назіральнага савета БМРЦ, на якім па прапанове асноўнага акцыянера — Нацбанка Беларусі — на пасаду кіраўніка цэнтра быў прызначаны Алег Кароб'ін. Раней ён працаваў выканаўчым дырэктарам і намеснікам старшыні праўлення Банка БелВЭБ. Ігар Кудасаў ў свой час уваходзіў у назіральны савет БМРЦ.
TUT.BY