Сярэдні заробак у Гродзенскай вобласці сёлета павінен павялічыцца на 28%
На сумесным пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў зацверджаны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці на 2013 год. Сёлета ў рэгіёне запланаваны прырост ва ўсіх сферах дзейнасці. Найбольшы — 112,5% да ўзроўню 2012 года — у галіне гандлю, 112,2% — у прамысловасці.
На 11,5% прагназуецца прырост у сферы будаўніцтва, на 9,5% — у сельскай гаспадарцы, транспарце і сувязі.
На аб’екты сацыяльнага і культурнага прызначэння з абласнога бюджэту накіруюць больш за 1,5 трыльёна рублёў.
У аграгарадку Доцішкі Воранаўскага раёна дабудуюць сярэднюю школу на 216 месцаў, у Лідзе, Ашмянах, Капцёўцы — яслі-сады.
Са сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў плануецца пабудаваць больш за 9 тысяч квадратных метраў сацыяльнага жылля.
29,9 мільярда рублёў пойдзе на адсяленне людзей са старых і аварыйных дамоў.
З’явіцца 20 новых аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання.
Асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю вытворчасці, арыентаванай на мясцовую сыравіну, — перапрацоўчым прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу, дрэваапрацоўчай прамысловасці, вытворчасці будаўнічым матэрыялаў.
Скідзельскі цукровы камбінат павінны павялічыць выраб цукру на 12%, "Лідсельмаш" засвоіць выпуск новай тэхнікі для АПК.
Мяса і субпрадуктаў будзе выраблена на 7,1% больш, чым у 2012 годзе, кілбасных вырабаў — на 8,1%, тлустых сыроў — на 3%, сухога малака — на 11,6%.
Жывёлаводы плануюць павялічыць на 15 тысяч пагалоўе кароў, вырабіць 1070 тон (на 7,8% больш, чым летась) малака, 120 тысяч тон ялавічыны, 118 тысяч тон свініны і 59 тысяч тон мяса птушкі.