Рэйтынг: даходы беларусаў — адны з самых нізкіх у Еўропе
У тройку самых незабяспечаных увайшлі жыхары Беларусі, Малдовы і Украіны. А самыя заможныя — грамадзяне Ліхтэнштэйна, Швейцарыі і Ісландыі.
Нямецкая даследчая кампанія GfK
апублікавала дадзеныя рэйтынгу Purchasing Power Europe 2017, у якім краіны
ранжыруюцца па чыстых даходах насельніцтва. То бок па тых грошах, якія
застаюцца на руках пасля выліку ўсіх падаткаў і збораў і якія можна пусціць на
пакупкі тавараў і паслуг альбо на зберажэнні.
Як адзначылі даследчыкі, чысты сярэднедушавы даход грамадзян усіх 42 дзяржаў, якія ўвайшлі ў пералік, вельмі моцна адрозніваецца. У тройку самых забяспечаных ўвайшлі жыхары Ліхтэнштэйна, Швейцарыі і Ісландыі, а самых незабяспечаных — Беларусі, Малдовы і Украіны.
На жаль, адкрытых лічбавых дадзеных па Беларусі ў прэс-рэлізе GfK няма. Тым не менш, параўноўваючы палярнасці, складальнікі рэйтынгу адзначылі, што даходы жыхароў Украіны роўныя 1/66 жыхароў Ліхтэнштэйна. Паводле даследавання, насельніцтва ўсіх 42 краін у сукупнасці атрымае ў 2017 годзе чысты прыбытак 9,4 трлн еўра. У сярэднім на аднаго чалавека, такім чынам, прыйдзецца 13 937 еўра. Паказчык вышэй сярэдняга значэння — у 17 дзяржаў, ніжэй — у 25.
Таксама GfK падрыхтавала «цеплавую» карту забяспечанасці ў Еўропе, створаную на аснове рэйтынгу.
«Халодным» сінім колерам на ёй
пазначаныя рэгіёны з самымі нізкімі размяшчанымі даходамі, «цёплым» чырвоным —
з самымі высокімі.
www.racyja.com