Прыгон ХХІ стагоддзя. У Рэчыцы прадаўцы плацяць за сваю працу
Вялікія недастачы ў крамах спісваць на супрацоўнікаў, і здараецца, што прадавачкі не толькі заробку не атрымлівалі, а яшчэ і віннымі засталася. "Бывалі выпадкі, калі наймальнікі казалі: «Ідзі бяры крэдыт у банку і сплачвай нястачу разава», — сведчыць праваабаронца Леанід Судаленка.
У Рэчыцы Камунальнае ўнітарнае гандлёвае прадпрыемства «Гандальсервіс» мае 9 харчовых крамаў, дзве ўніверсальныя, адзін «Дзіцячы свет» і тры рэстараны. Працаўнікі ўніверсаму «Юбілейны» на вуліцы Чапаева вырашылі судзіцца з кіраўніцтвам. А ўсё таму, што рэвізія налічыла вялізную нястачу на Br 22500, а кіраўніцтва «Гандальсервісу» пароўну падзяліла суму спагнання на ўвесь калектыў.
«На судзе будзе ўсё чуваць, усё вырашыцца. Мне налічылі Br 700», — прызнаецца Генадзій Салахутдзінаў, ахоўнік у краме № 50.
Размаўляць з незалежнымі медыямі працаўнікі пабойваюцца. Але ўсё ж падалі заяву ў міліцыю. Ананімна кажуць, што невялікую недастачу грошай праверкі знаходзілі і раней, такая спецыфіка крамы. Але новае кіраўніцтва «Гандальсервісу» перабольшыла са спагнаннямі, калі зраўняла матэрыяльную адказнасць намесніка дырэктара і простага прадаўца.
У іншых крамах «Гандальсервісу» працуюць такія ж схемы. Ужо былая работніца Юлія пайшла прадавачкай у краму № 8 на вуліцы Нафтавікоў. Не зарабіла, а яшчэ і вінная засталася.
«Першую недастачу мне налічылі Br 470, затрымлівалі з заробку, атрымлівала я Br 50 авансу, калі на старыя грошы, і Br 20-30 на заробак», – узгадвае Юлія Шульга, былая працаўніца крамы № 8.
Не хапала нават на аплату садочка для дзіцяці. А калі на Юлію пераклалі новую недастачу, яна паспрабавала звольніцца. У аддзеле кадраў сказалі наўпрост: дасі Br 400 — будзеш вольная.
«За дэбіторскую запазычанасць, якая вісіць на нашым прадпрыемстве, выклікаюць дырэктара і галоўнага бухгалтара ў райвыканкам і лаюцца за гэтую запазычанасць. Таму галоўны бухгалтар і дырэктар асабіста забараняюць звальняць людзей, якія не пагасілі запазычанасці», — тлумачыць аддзел кадраў КГУП «Торгсервис».
Давялося сыходзіць паводле артыкулу, за прагулы
«Я хадзіла ў ахову працы. І мне сказалі, што «Торгсервис» гэта кабала, куды лёгка трапіць, але выбрацца адтуль амаль немагчыма», — зазначае спадарыня Юлія.
Спісваць недастачы на прадаўцоў і трымаць іх па паўгода на мінімальным заробку — гэта практыкуюць не толькі ў рэчыцкіх крамах.
«А часам гэтыя сумы бываюць вельмі высокія, і бывалі выпадкі, калі наймальнікі казалі «ідзі бяры крэдыт у банку і сплачвай нястачу разава», — сведчыць праваабаронца і юрыст Леанід Судаленка.
Праваабаронца раіць не спяшацца прызнаць сваю віну і не баяцца ісці ў суд.
«Суд можа ўлічыць матэрыяльнае становішча працаўніка, і знізіць да паловы той сумы, якую патрабуе наймальнік», — кажа праваабаронца.
А то і зусім не прызнаць віны працаўніка ў знікненні грошай.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»