Прыбытак прадпрыемстваў знізіўся на 40%

У 2013 годзе чысты прыбытак беларускіх прадпрыемстваў склаў 42,48 трлн. рублёў. У параўнанні з 2012 годам, ён паменшыўся на 40,7%, сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі.



straty.jpg

У грашовым выражэнні аб'ём чыстага прыбытку, заробленага прадпрыемствамі краіны, скараціўся на 29,1 трлн. рублёў, піша БелаПАН.
Варта адзначыць, што значнае зніжэнне чыстага прыбытку ў мінулым годзе было зафіксавана ва ўсіх абласцях і ў Мінску. У Брэсцкай вобласці велічыня чыстага прыбытку арганізацый скарацілася на 44,6% у параўнанні з 2012 годам, у Віцебскай - на 61,4%, у Гомельскай - на 30,2%, у Гродзенскай - на 32,6%, у Магілёўскай - на 41,5%, у Мінскай - на 54,2%.

У сталіцы, на долю якой прыпадае амаль 40% сукупнага рэспубліканскага даходу, чысты прыбытак прадпрыемстваў зменшыўся ў 2013 годзе на 31,9% у параўнанні з пазамінулым годам.


Разам са зніжэннем прыбытку ў 2013 годзе адбыўся значны рост стратных арганізацый і велічыні страт, якія такія прадпрыемствы атрымалі. Так, па выніках мінулага года ў краіне было зафіксавана 752 стратныя арганізацыі (супраць 426 у 2012 годзе). Доля стратных арганізацый ад агульнай колькасці прадпрыемстваў дасягнула 9,1% (у 2012 - 5,2%).
Велічыня страт, якія атрымалі такія арганізацыі ў 2013 годзе, склала 8,8 трлн. рублёў і павялічылася ў параўнанні з 2012 годам у 2,65 разы. У прыватнасці, сума чыстай страты сталічных арганізацый склала па выніках 2013 года 2,53 трлн. рублёў (амаль у 2,5 разы больш у параўнанні з 2012 годам). Найбольшы рост адмоўнага паказчыка зафіксаваны ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сума страт там павялічылася ў 4,2 і 3,5 разу адпаведна ў параўнанні з 2012 годам.

Міністэрства эканомікі раней тлумачыла пагаршэнне фінансавых паказчыкаў прадпрыемстваў складанасцямі са збытам айчыннай прадукцыі і павелічэннем складскіх запасаў у сувязі з гэтым. Прадстаўнікі міністэрства таксама адзначалі, што ўступленне Расіі ў СГА прывяло да ўзмацнення канкурэнцыі і выцяснення беларускіх вытворцаў з традыцыйнага рынку збыту.


Як паведамлялася раней, прадпрыемствы ва ўсіх абласцях Беларусі таксама ў студзені-лістападзе 2013 года канстатавалі зніжэнне рэнтабельнасці продажаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. Прыкладна 80% раёнаў Беларусі сутыкнуліся ў мінулым годзе са зніжэннем рэнтабельнасці прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі.
БелаПАН