Прамысловыя складскія запасы за 2013 год павялічыліся з 56,5 да 70,2% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці

На 1 студзеня 2014 года на складах беларускіх прамысловых прадпрыемстваў сабралася гатовай прадукцыі на 27 трлн. 958,2 млрд. рублёў. 



images_3_.jpg

Як паведамляе Белстат, аб'ём нерэалізаванай прадукцыі склаў 70,2% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, паменшыўся за снежань на 4,1 працэнтнага пункта і павялічыўся за год на 13,7 працэнтнага пункта (на 1 студзеня 2013 года гэты паказчык складаў 56,5%). Да мая 2013 года назіраўся рост складскіх запасаў, потым нязначнае зніжэнне, а ў кастрычніку і лістападзе зноў быў адзначаны рост. 


Найбольшыя суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці склаліся ў вытворчасці скуры, вырабаў са скуры і абутку (261,7%), вытворчасці машын і абсталявання (174%), тэкстыльнай і швейнай вытворчасці (181,8%). 


У горназдабыўной прамысловасці гэты паказчык склаў 12,2% (на 1 студзеня 2013 года — 7,7%), у апрацоўчай — 79,5% (63,1%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 59% (60,5%), дрэваапрацоўчай галіне — 70,4% (66,3%), цэлюлозна-папяровай галіне і выдавецкай дзейнасці — 61,5% (63,6%). 


У металургічнай вытворчасці ўдзельная вага запасаў склала 68,5% (61,1%), у вытворчасці электраабсталявання, электроннага і аптычнага абсталявання — 100% (88,2%), транспартных сродкаў і абсталявання — 101,3% (72%). Марына Носава, БелаПАН