Пракаповіч: Умовы імпарту ў Беларусь трэба зрабіць больш жорсткімі
Віцэ-прэм'ер мяркуе, што імпартныя тавары карыстаюцца прывілеяваным становішчам.
У Беларусі дзель імпартных тавараў у гандлёвых аб'ектах не будуць абмяжоўваць да 15%. Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч, піша БелТА.
«Ніхто не будзе загадваць гандлёвым аб'ектам, трымаць дзель імпарту ў 85% або ў 15%. Аднак
мы павінны ствараць такія ўмовы, каб беларускія тавары станавіліся больш якаснымі і канкурэнтаздольнымі», — сказаў Пётр Пракаповіч.
Віцэ-прэм'ер мяркуе, што варта зрабіць больш жорсткімі ўмовы паставак з-за мяжы. Паводле ягоных слоў, імпартныя тавары карыстаюцца ў Беларусі прывілеяваным
становішчам. «Прадпрымальнікі іх увозяць без афармлення і выплаты мыт, у выніку чаго замежная
прадукцыя становіцца таннейшай, чым айчынная. Мы павінны пераламіць сітуацыю, якая склалася, тады канкурэнцыя стане нармальнай», — падкрэсліў Пётр Пракаповіч.
Намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што 15% — дастатковая дзель імпартнай
прадукцыі для беларускага рынку, якая дазваляе дасягнуць ідэальнага ўзаемадзеяння. «Без
імпарту нельга. Мы павінны мець узоры замежных тавараў, каб ведаць, на што арыентавацца, — растлумачыў ён. — Пры гэтым трэба зрабіць усё магчымае, каб гандлёвыя сеткі спрабавалі ўзяць на рэалізацыю як мага больш
беларускіх тавараў. Беларуская прадукцыя канкурэнтаздольная, і я ўпэўнены, што айчынныя прадпрыемствы могуць прапанаваць годную альтэрнатыву».
Як паведамлялася, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, наведваючы 18 чэрвеня мінскае ААТ «Трыкатажгандаль», выказаў меркаванне, што аптымальная прапорцыя імпартных і айчынных тавараў на рынку Беларусі павінна складаць
прыкладна 15% на 85%. Днём пазней намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі правёў нараду ў пытаннях далейшага развіцця спажывецкага рынку сталіцы. На ім было дадзенае даручэнне аб
павелічэнні ўдзельнай вагі тавараў айчыннай вытворчасці да 85% як у крамах, так і аб'ектах грамадскага харчавання.