Пра санкцыі і не толькі: «Адзіны спосаб растлумачыць Расіі, што яна не атрымае Беларусь як саспелы яблык»

Валерый Семілетаў разважае пра ўздзеянне санкцый і спосабы выжыць беларускаму бізнесу.

apple_adam_and_eve_graphic_painted.jpg

— Калі Захад хоча, каб санкцыі супраць Беларусі былі выніковымі, яны павінны па ланцужку адсочвацца і класціся на тых, хто дапамагае выйсці з-пад санкцый. Гэта значыць, яны павінны прасоўвацца на Расію, — адзначыў на «Примусе» вядучы эксперт навукова-даследчага цэнтра Мізэса Валерый Семілетаў. — Гэта адзіны спосаб растлумачыць Расіі, што такім чынам яна не атрымае Беларусь як саспелы яблык, які вось-вось упадзе ёй у рукі, а атрымае вялікую праблему.

Таму што ёй гэта ўсё люстэркава адаб’ецца. Магчыма, тады Расія ў асобе Пуціна ці кагосьці яшчэ, выйдзе і скажа: давайце размаўляць.

Рэальнае дзеянне санкцый, на думку аналітыка, Беларусь пачне адчуваць у канцы ліпеня-пачатку жніўня.

— 21 чэрвеня прыняты чацвёрты пакет, 24 чэрвеня ЕС уводзіць сектаральныя санкцыі. Але трэба разумець, гэтае рашэнне не працуе так, што сёння прынялі — а заўтра пайшлі караць усіх, хто супрацоўнічае. Там стаўленне да бізнесу іншае, ім дадуць 2–3 тыдні для таго, каб перабудавацца, перазаключыць кантракты.

Гэта значыць, што сапраўдны ўплыў санкцый Беларусь адчуе толькі ў канцы ліпеня-пачатку жніўня, калі прынятыя рашэнні пачнуць рэалізоўвацца.

А першае паўгоддзе мы закрываем дэ-факта, не маючы сур'ёзных санкцый. Менавіта таму ў нас няма ніякіх каласальных абвалаў, а на знешнім рынку ідзе прырост, — патлумачыў эксперт.

Паводле «Салідарнасці»