У Расіі выйшаў на волю член стачкама «Беларуськалія», якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь
Пра вызваленне салігорца Андрэя Прылуцкага паведаміў набліжаны да расійскіх праваабаронцаў тэлеграм-канал «Чай с ромашкой». Амаль паўгода беларус, у якога трое дзяцей, правёў пад вартай у Санкт-Пецярбургу.
«Гэта Андрэй Прылуцкі — наш падапечны, якога Расія хоча
экстрадзіраваць у Беларусь па крымінальнай справе, звязанай з пратэстамі,
распачатых у жніўні 2020 года — і сёння ён выйшаў на свабоду! — піша першакрыніца. —
Андрэй быў затрыманы 30 снежня і правёў у зняволенні ў СІЗА
амаль 6 месяцаў. Увесь гэты час ён чакаў, калі Генеральная пракуратура РФ разгледзіць яго экстрадыцыйную справу. У чэрвені намеснік генеральнага
пракурора пастанавіў выдаць Андрэя, але мы абскардзілі рашэнне, і цяпер чакаем
суда. Але тым часам скончыўся гранічны тэрмін утрымання пад вартай, дапушчальны
па такім абвінавачванні, і Андрэя прыйшлося адпусціць.
Увесь дзень нашы калегі дзяжурылі ля Колпінскага СІЗА, каб
сустрэць і адразу забраць Андрэя. Мы асцерагаліся, што яго могуць падвергнуць
схаванай экстрадыцыі, што не рэдкасць у нашы часы. На шчасце, аперацыя
завяршылася паспяхова. Андрэй на волі (пакуль), дзе яго ўжо даўно чакаюць яго
жонка і трое дзяцей.
Гэта яшчэ не канец, але мы бязмерна рады за Андрэя, таму
пасылаем яму самыя цёплыя словы падтрымкі. Упэўнены, што мы яго адаб'ем, і яму
не будзе больш пагражаць небяспека, і ён зможа нарэшце па-нармальнаму ўз'яднацца з сям'ёй.
Каманда Маскоўскай Хельсінкскай групы і камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне», сумесна з незалежнымі адвакатамі,
працягвае працу. У Расіі па палітычных матывах яшчэ працягвае ўтрымлівацца пад
вартай па меншай меры 6 грамадзян Беларусі».
Андрэй Прылуцкі быў затрыманы ў Расіі 30 снежня. У Беларусі яму інкрымінуюць артыкул 364 Крымінальнага кодэкса — «гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі». У выпадку экстрадыцыі ў Беларусь яму можа пагражаць да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Увечары 9 жніўня Андрэй Прылуцкі знаходзіўся каля аднаго
кафэ, калі ўбачыў, што група людзей у масках і без якіх-небудзь знакаў
адрознення збівае дубінкамі пажылога мужчыну. Ён падбег да гэтай групы і
засланіў сабой невядомага. Тыя, хто нападаў кінуліся на яго, павалілі на зямлю. Завязалася бойка, у выніку якой Прылуцкі трапіў у салігорскае СІЗА, дзе правёў тыдзень. Затым яго прысудзілі да 15
сутак адміністрацыйнага арышту і выпусцілі праз 7 дзён.
Раней Андрэй Прылуцкі працаваў электраслесарам участка
ўздыму 1-га рудаўпраўлення «Беларуськалія». Пасля выбараў 9 жніўня ён далучыўся да стачачнага камітэту свайго
прадпрыемства. Пасля свайго затрымання, адбыўшы 15 сутак, ён з'ехаў у Расію пад пагрозай крымінальнага пераследу.