На «Барысаўдрэве» не могуць знайсці дырэктара — двое сышлі самі
У верасні спіс вакансій кіраўнікоў у Барысаўскім раёне на сайце Мінскага аблвыканкама папоўніўся яшчэ адной пазіцыяй — генеральнага дырэктара ААТ «Барысаўдрэў».
Гэта шматпакутнае прадпрыемства некалькі гадоў таму прагрымела на ўсю краіну. На мадэрнізацыю, што зацягнулася, было накіравана больш за сто мільёнаў
еўра. Але гэтыя крокі не далі чаканага эфекту, што выклікала гнеў Аляксандра Лукашэнкі.
За правал мадэрнізацыі ў лістападзе 2013 года сваімі пасадамі паплаціліся чыноўнікі
самага высокага рангу, намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі
цяпер нябожчык Андрэй Тур і «губернатар» Мінскай вобласці Барыс Батура.
Праз некалькі месяцаў, у сакавіку 2014 года быў арыштаваны генеральны дырэктар ААТ «Барысаўдрэў» Уладзімір Мальцаў. У тым жа годзе была афіцыйна завершана мадэрнізацыя прадпрыемства.
Нягледзячы
на тое, што пазіцыя абвінавачвання выклікала шмат пытанняў у
грамадскасці, Мальцаў быў асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення
волі за «злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі». У ліпені 2015 года Мальцаў выйшаў на волю па амністыі.
Пасля
яго генеральным дырэктарам ААТ «Барысаўдрэў» быў прызначаны Аляксандр Елсукоў, які раней працаваў галоўным інжынерам макароннай фабрыкі ў
Барысаве (філіял «Барымак» камбіната хлебапрадуктаў). Праз кароткі час Елсукоў пакінуў свой пост, як паведамлялі ў СМІ, па стане здароўя.
У
маі бягучага года выконваць абавязкі гендырэктара стаў фінансіст
Генадзь Сысоеў, які на піку сваёй кар'еры ўзначальваў праўленне
"Белінвестбанка". У лістападзе 2016 года прэс-служба банка паведаміла, што Генадзь
Сысоеў пакінуў пасаду старшыні праўлення «па сямейных абставінах».
На сённяшні дзень афіцыйная пасада Сысоева — першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Барысаўдрэў». Гэта прадпрыемства, мяркуючы па інфармацыі, якая часам прасочваецца ў
прэсу, да гэтага часу сутыкаецца з праблемамі фінансава-эканамічнага
характару.
Напрыклад, па стане на 1 лютага 2017 года ААТ «Барысаўдрэў» апынулася ў
спісе суб'ектаў гаспадарання Мінскай вобласці, якія маюць запазычанасць
па падатках, зборах (пошлiнах) i пенях.
Іван Дымкавец, ex-Press.by