Па досведзе еўрапейскіх кляштароў: на Мядзельшчыне з’явіўся “Аптэкарскі сад”
У Нарачанскім краі 12 ліпеня адкрыўся экскурсійна-турыстычны комплекс “Аптэкарскі сад”.
Размешчаны ён у лесе за вёскай Гатавічы, ля возера Белае. Займае плошчу больш за паўтара гектара.
Тут можна пазнаёміцца з працэсам вырошчвання, збору і сушкі лекавых раслін, даведацца пра іх шмат цікавага.
На тэрыторыі “Аптэкарскага саду” працуе фіта-гасцёўня, дзе можна паспрабаваць 12 рэцэптур гарбаты. Ёсць фіта-крама з лячэбнымі травамі і зборамі, дзіцячая пляцоўка.
— “Аптэкарскі сад” — адзіны ў краіне комплекс, створаны на аснове шматвяковага досведу еўрапейскіх кляштароў па вырошчванні і культываванню рэдкіх лекавых раслін, — падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара ААТ “БелАсептыка” Аляксандр Рогач.
— З якой мэтай яго стварылі?
— Адна з асноўных мэт адкрыцця комплексу – гэта прапаганда здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва нашай краіны і замежных турыстаў. Адпачывальнікі маюць магчымасць атрымаць асалоду ад водару і акунуцца ў атмасферу лекавых траў, чыя гаючая сіла праверана вякамі. “Аптэкарскі сад” створаны ў межах Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011–2015 гады.
— Што, на ваш погляд, будзе найбольш цікава наведвальнікам?
— Тое, што ў фіта-гасцёўні турысты могуць не толькі пакаштаваць ўжо распрацаваныя нашымі спецыялістамі віды гарбаты, а нават стварыць уласны рэцэпт гаючага збору пад кіраўніцтвам вопытнага траўніка.
Дарэчы, “БелАсептыка” вырошчвае ля Гатавічаў лекавыя расліны на плошчы 32 гектары. Тут вырошчваюць каля 20 найменняў траў — радыёлу ружовую, валяр'яну, сардэчнік, мяту, крываўнік… І асартымент лекавых раслін, што тут вырошчваюць, пашыраецца з года ў год.
Эксурсія для наведвальнікаў