Нацбанк: беларусы па-ранейшаму чакаюць дэвальвацыі

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова паведаміла 26 снежня, што і ў эканоміцы краіны, і сярод насельніцтва захоўваюцца даволі высокія інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні. Таму адной з задач на 2013 год, якія стаяць перад Нацбанкам і ўрадам, будзе дамагчыся іх устойлівага зніжэння, сказала кіраўнік НББ.



mqdkig_w465h262.jpg

Акрамя таго, Нацбанк і ўрад павінны ў 2013 годзе забяспечыць станоўчы ўзровень працэнтных ставак у эканоміцы ў рэальным выражэнні і стварыць умовы для далейшага зніжэння інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве, заявіла Надзея Ермакова падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.
 


Паводле яе слоў, менавіта рашэнне гэтых задач не дазваляе ў цяперашні час змякчыць грашова-крэдытную палітыку і знізіць стаўку рэфінансавання.
 


Што ж тычыцца прагнозу па зніжэнні базавай стаўкі ў 2013 годзе да ўзроўню 15–16%, то кіраўнік галоўнага банка Беларусі перакананая, што зрабіць гэта можна пры ўмове далейшага запаволення інфляцыйных працэсаў, а таксама з улікам захавання стабільнай сітуацыі на валютным рынку, знешнім сектары і ў цэлым макраэканамічнай сітуацыі ў рэспубліцы.

telegraf.by