Мінгандлю Беларусі: уступленне Расіі ў СГА палепшыць гандаль


Уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю станоўча адаб'ецца на айчынным гандлі, заявіў міністр гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў. "Калі раней мы абслугоўвалі толькі 10 млн насельніцтва рэспублікі, то сёння можам абслугоўваць 165 тыс. насельніцтва Беларусі, Расіі і Казахстана, куды могуць пастаўляцца нашы тавары", — сказаў ён.

Паводле яго слоў, Беларусь атрымала значны поспех у вытворчасці харчовых тавараў і з'яўляецца адной з вядучых краін па вытворчасці малака, мяса — тавараў, якія яна можа прасоўваць на замежныя рынкі, у тым ліку на рынкі партнёраў па АЭП.


Як адзначыў Валянцін Чаканаў, Беларусі трэба смялей выходзіць на знешнія рынкі, бо айчынныя тавары цалкам канкурэнтаздольныя, перадае БелТА. "З імі мы можам прасунуцца не толькі ў АЭП і былых краінах СНД, але і далёка за іх межы — у краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і іншыя краіны, на рынках якіх беларуская прадукцыя яшчэ не была прадстаўлена. Не сумняваюся, што ў гэтым нас чакае поспех", — заявіў міністр.


Ён лічыць, уступленне Расіі ў СГА спрыяльна паўплывае на айчынных вытворцаў, паколькі галоўнай з'яўляецца канкурэнтаздольнасць прадукцыі, а беларускія тавары валодаюць гэтай якасцю.


Як адзначыў міністр, сальда знешняга гандлю Беларусі можна ўтрымаць і нарасціць, калі не будзе зніжацца ўзровень вытворчасці, а таксама пры актыўным выхадзе на знешнія рынкі.


Паводле яго слоў, Беларусь ужо адмовілася ад шэрагу імпартных тавараў, але па-ранейшаму застаюцца тавары, якія ёй давядзецца купляць — напрыклад, кава, чай, — аднак на дадзены момант галоўнай задачай з'яўляецца экспарт.


"Мы павінны забяспечыць унутраны рынак краіны, усё астатняе накіраваць на знешні рынак. Гэтая задача пастаўлена кіраўніком дзяржавы і ўрадам, і мы будзем яе прытрымлівацца", — сказаў Валянцін Чаканаў. Гэта задача не толькі вытворцаў, але і гандлёвых арганізацый, лічыць міністр. "Толькі ў такім выпадку ў нас будзе дадатнае сальда", — адзначыў ён.


Міністэрства гандлю, паводле яго слоў, імкнецца знайсці патрэбныя схемы, стварыць гандлёвыя дамы, каб праз гандлёвыя арганізацыі таксама дапамагаць і прадаваць тавары.


telegraf.by