Мінфін Беларусі спыніў дзеянне ліцэнзіі «Росгосстраха»
Міністэрства фінансаў Беларусі з 7 кастрычніка спыніла дзеянне ліцэнзіі на ажыццяўленне страхавой дзейнасці, выдадзенай СТАА «Росгосстрах» па заяве кампаніі.
«Страхавое таварыства з абмежаванай адказнасцю «Росгосстрах» звярнулася ў Мінфін з заявай аб спыненні дзеяння яго ліцэнзіі на ажыццяўленне страхавой дзейнасці. Мінфін прыняў рашэнне спыніць дзеянне ліцэнзіі з 7 кастрычніка 2014 г.», — паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Мінфіне.
Там адзначылі, што ў перыяд спынення дзеяння ліцэнзіі страхоўшчык абавязаны перадаць абавязацельствы па раней заключаных ім дамовах добраахвотнага страхавання іншай страхавой арганізацыі альбо скасавацьтакія дамовы (за выключэннем выпадкаў ўзнікнення абавязацельстваў па ажыццяўленню страхавых выплат). Страхоўшчык таксама абавязаны вярнуць страхавальнікам частку страхавога ўзносу прапарцыйна часу, якi застаўся да заканчэння страхавання, абумоўленага дамовай добраахвотнага страхавання. Пры гэтым страхавое таварыства павінна выканаць абавязацельствы па ажыццяўленню страхавых выплат, якія ўзніклі да скасавання дамоў добраахвотнага страхавання.
Па ўзгадненні з Мінфінам, права на прыняцце абавязацельстваў СТАА «Росгосстрах» па раней заключаных ім дамовах добраахвотнага страхавання прадастаўлена беларускай дзяржаўнай страхавой кампаніі «Белдзяржстрах».
Страхавое таварыства з абмежаванай адказнасцю «Росгосстрах» працуе на страхавым рынку Беларусі з чэрвеня 2010 года і з'яўляецца даччынай структурай расійскага холдынгу «Росгосстрах». Удзельнікамі СТАА «Росгосстрах» з'яўляюцца ААТ «Расійская дзяржаўная страхавая кампанія», ТАА «Страхавыя інвестыцыі», ТАА «Праект інвестыцый».
СТАА «Росгосстрах» спецыялізавалася на абслугоўванні юрыдычных і фізічных асоб па дамовах добраахвотнага страхавання маёмасці, транспартных сродкаў, медыцынскага страхавання, страхавання ад няшчасных выпадкаў.