МАЗ выпаў з ТОП-5 пастаўшчыкоў грузавікоў на расійскі рынак
Адмова ўладаў Беларусі ўводзіць абмежаванні ў першую і наступныя хвалі пандэміі каронавірусу на фоне заклінанняў Лукашэнкі, што, калі ўвядзем каранцін, страцім рынкі, не моцна дапамагло вытворцу грузавікоў «МАЗ», які ўпершыню за доўгія гады выпаў з першай пяцёркі пастаўшчыкоў новых грузавікоў на расійскі рынак.
Паводле дадзеных аналітычнага агенцтва «Аўтастат», у 2020 годзе аб’ём рынку новых грузавых аўтамабіляў у Расіі склаў 74,8 тыс. адзінак, што на 7,3% менш, чым у 2019 годзе, паведамляе АФН.
Традыцыйна першынство на гэтым рынку ўтрымлівае KAMAZ, на долю якога ў 2020 годзе прыйшлося 37% ад агульнага аб’ёму. У колькасным выражэнні гэта адпавядае 27,8 тыс. штук — на 0,6% больш, чым у 2019 годзе.
Другі радок рэйтынгу па-ранейшаму займае іншы расійскі брэнд — GAZ, паказчык якога склаў 6,8 тыс.машын (-23,1%). У першую тройку па выніках мінулага года таксама ўвайшоў шведскі брэнд Scania (4,9 тыс. шт.; -12,4%).
Яшчэ адзін шведскі аўтавытворца — Volvo — апусціўся на чацвёрты радок рэйтынгу (4,5 тыс.шт.; -20,7%), а замкнуў пяцёрку лідараў Ural (4,1 тыс. шт.; +27,3%).
Варта адзначыць, што толькі два брэнды з дзясяткі лідараў па выніках мінулага года дэманструюць рынкавы рост, і самы вялікі ён — у Ural (+27,3%). А вось самае моцнае падзенне эксперты зафіксавалі ў Маркі DAF (-34,3%).
МАЗ паставіў на расійскі рынак 3729 грузавікоў, што на 3,1% менш, чым у 2019 годзе. У 10-цы пастаўшчыкоў аўто МАЗ паказаў найменшы адсотак зніжэння, у тым ліку за кошт актыўных паставак у снежні. У снежні МАЗ паставіў на расійскі рынак 569 грузавікоў, што на 43% больш у параўнанні са снежнем 2019 года.
Але гэта не выратавала беларускага аўтавытворцу: МАЗ выпаў з ТОП-5.
У дзясятцы самых масавых мадэляў грузавікоў у 2020 годзе мадэлі МАЗ адсутнічаюць.
А замест таго, каб выпраўляць сітуацыю, кіраўніцтва завода імкнецца яе замоўчваць.