Мацюшэўскі болей не кіруе БелВЭБам. Нядаўна яго затрымлівалі
Супрацоўнікі банка БелВЭБ атрымалі сёння пранікнёны ліст ад былога старшыні праўлення Васіля Мацюшэўскага. Ëн сыходзіць з банка. Гэтаму папярэднічаў канфлікт с кіраўніком Нацыянальнага банка Калаўрам, арышт топ-менеджараў і астранамічны выкуп за свабоду.
«Дарагія сябры, калегі! Заканчваючы работу ў банку БелВЭБ,
шчыра ўдзячны ўсім работнікам нашага дружнага калектыву за сумесную дзейнасць.
Вы — важная частка майго жыцця. Разам мы ўжо рэалізоўвалі смелыя рашэнні і
складаныя праекты, якія рабілі наш банк інавацыйным і паспяховым.
Мне было прыемна працаваць з нашай камандай: прафесіяналізм,
ініцыятыўнасць, высокая адказнасць кожнага з нас дазволілі дасягнуць вынікаў,
якімі варта ганарыцца.
Дзякуй за цёплую атмасферу ў нашым калектыве, паразуменне і
павагу.
Шчыра зычу банку БелВЭБ паспяховага развіцця і росквіту, а
кожнаму з вас — шчасця і ўдачы», — напісаў Мацюшэўскі, паводле інфармацыі найстарэйшага беларускага выдання , прызнанага «экстрэмісцкім».
Крымінальная справа супраць яго не закрытая. Разам з Васілём Мацюшэўскім сыходзіць і праўленне банка.
Банкір і былы віцэ-прэм'ер і сем іншых прадстаўнікоў кіраўніцтва банка БелВЭБа былі затрыманыя сілавымі органамі менш за месяц таму. Неўзабаве Мацюшэўскага і яшчэ некалькіх яго намеснікаў адпусцілі. Паводле адной з версій, Мацюшэўскага тады адпусцілі для таго, каб ён змог «аператыўна знайсці сродкі для кампенсацыі шкоды».