Літва патрабуе ліквідаваць недахопы БелАЭС да запуску станцыі
Літва абавязана арганізаваць для сябе бяспеку Беларускай АЭС у Астраўцы яшчэ да ўводу яе ў эксплуатацыю, заявіў намеснік міністра замежных спраў Літвы Альбінас Зананавічус 7 лістапада на Віленскім энергетычным форуме.
Па словах Зананавічуса, асцярогі Літвы наконт будаўніцтва недалёка ад Вільні БелАЭС былі абгрунтаванымі, і цяпер трэба забяспечыць, каб да ўводу АЭС у эксплуатацыю ўсе недахопы былі ліквідаваныя, паведамляе партал Delfi.
«У выпадку з БелАЭС мы павінны быць больш чым на сто адсоткаў упэўнены, што ўсё зроблена, што гэтая станцыя не будзе пагрозай для Літвы, якой яна з'яўляецца сёння. У гэтай галіне таксама ёсць пэўныя дасягненні — праведзеныя Еўрасаюзам стрэс-тэсты, якія, у прыватнасці, паказалі, што пазіцыя, якую ўвесь час агучвала Літва, была правільнай — праблемы ёсць. Таму цяпер нам трэба згуртавацца і патрабаваць, каб усе недахопы былі ліквідаваныя да ўводу АЭС у эксплуатацыю», — сказаў віцэ-міністр.
Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.
Літва найбольш актыўна крытыкуе будаўніцтва АЭС у Беларусі. Згодна з афіцыйнай пазіцыяй Вільнюса, работы па ўзвядзенні атамнай станцыі вядуцца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Мінск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.
15 чэрвеня 2017 года літоўскі сойм прыняў закон аб прызнанні БелАЭС той, што ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі.
БелаПАН