Лідар прадпрымальнікаў пра інстытут спецімпарцёраў: «Урад падкладвае Лукашэнку свінню»
Беларускі бізнэс актыўна абмяркоўвае навіну аб магчымым стварэнні інстытута спецімпарцёраў некаторых катэгорый тавараў.
Анатоль Шумчанка
Пакуль самога праекта ўказа прэзідэнта няма ў агульным доступе, аднак паводле папярэдняй інфармацыі ўрад вызначыў 12 дзяржпрадпрыемстваў, якім з 1 ліпеня 2014 года па 1 студзеня 2015 года даецца
выключнае права імпарту радыё-, тэле-, відэа- і бытавой тэхнікі, падшыпнікаў, рухавікоў, сельгастэхнікі, грузавых аўтамабіляў, станкоў, уборачнай тэхнікі, ліфтаў, шын, электронных кампанентаў.
Учора ж прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў у час наведвання ААТ «Трыкатажгандаль», што аптымальныя суадносіны беларускіх і імпартных тавараў — 85 да
15 працэнтаў, чым яшчэ больш запэўніў у планах урада зарэгуляваць патокі імпарту.
Старшыня грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка лічыць такія меры «антыпрадпрымальніцкімі і антыэканамічнымі»:
«Такія захады не прывядуць ні да чаго добрага, акрамя як аслабяць нашую краіну. Калі раней мільярд даляраў вывозілі ў Еўрасаюз, дык цяпер дзесяць вывязуць у Расію. Людзі не адмовяцца ад
танных тавараў. Стварэнне спецімпарцёраў выгадна краінам, у якія мы можам свабодна ездзіць, то бок Расіі.
Не ведаю, якім месцам думае наш урад, калі прымае такія рашэнні. У мяне ёсць прапанова нашым чыноўнікам у звязку з учорашняй заявай Мясніковіча пра 15%: найперш пачніце з сябе. Перасядзьце на
айчынныя аўтамабілі, карыстайцеся беларускай тэхнікай, насіце беларускае адзенне. Тады мы ўбачым іх патрыятызм.
А пакуль гэта шлях да ізаляцыі, да жалезнай заслоны».
Шумчанка таксама дапускае, што ўслед за прыняццем указа аб спецімпарцёрах можна чакаць іншых крокаў, накіраваных на змяншэнне патоку імпарту:
«Гэта стане працягам аперацыі па абмежаванні імпарту і вывазу валюты. Будуць блакавацца важныя артэрыі дастаўкі імпартных тавараў. Я магу сказаць, што ўжо сёння гэта працуе.
Нядаўна быў выпадак, калі прадпрымальнікі ехалі ад польскай мяжы, і іх машыны спынялі ў Гродзенскай і Брэсцкай вобласці, перапісвалі дадзеныя, глядзелі, што вязуць. Таму разам з указам будзе і
каманда рэгуляваць патокі імпарту на мяжы.
Але перашкаджаць гэтаму не трэба. Гэта цяжка, але я хацеў бы, каб беларусы пабачылі, хто імі кіруе і якім чынам прымаюцца рашэнні. Наш урад працуе лепш за любую апазіцыю. Цяжка падкласці большую
свінню Лукашэнку за тую, якую яму падкладвае ўрад».
Імпарцёры ў чаканні
Буйныя фірмы-імпарцёры электронікі і бытавой тэхнікі ўстрывожаныя магчымым прыняццем указа аб спецімпарцёрах, але каментаваць рашэнне ўрада не хочуць.
«Мы чыталі навіны і чулі пра праект указа, абмяркоўвалі. Аднак пакуль казаць нешта бессэнсоўна, таму што няма дакумента, які можна дэтальна разгледзець», — патлумачыў Павал
Матусевіч, намеснік кіраўніка ТАА «Трыавіст», якому належыць інтэрнэт-крама 21vek.
«У тым выглядзе, у якім праект указа абмяркоўваецца сёння ў Саўміне, ён значна пагаршае ўмовы працы імпарцёраў. Мы спадзяемся, што яго прымуць у іншым выглядзе, які не закране
імпарцёраў», — паведамілі «НН» у кампаніі «Тэхна Медыа Трэйд», якая валодае сеткай крамаў «Тэхна Плюс».