Лідар БКДП заклікаў улады "неадкладна адмяніць адыёзны дэкрэт № 9"
Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), віцэ-старшыня Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, член Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы Аляксандр Ярашук заклікаў улады "неадкладна адмяніць адыёзны дэкрэт № 9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці".
Пра гэта гаворыцца ў яго заяве.
Як лічыць Ярашук, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 7 снежня дэкрэт №9 "уводзіць і робіць рэальнасцю ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, прымусовую працу".
"Са спасылкай на сумна вядомы дэкрэт № 29 "Аб некаторых мерах па ўмацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны", які пацягнуў масавы перавод работнікаў на
тэрміновыя працоўныя кантракты, дэкрэт № 9 прадугледжвае яшчэ больш вытанчаныя формы дыскрымінацыі работнікаў у працоўных адносінах", — заяўляе Ярашук.
"Сваімі дзеяннямі ўлада замахнулася на правы чалавека ў сферы працы, замацаваныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах,
канвенцыях Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) № 105 "Аб забароне прымусовай працы", № 122 "Аб усеагульнай занятасці", № 95 "Аб абароне заработнай
платы", Канстытуцыі і працоўным заканадаўстве краіны", — гаворыцца ў заяве.
На думку лідара БКДП, "чарговае абуральнае парушэнне правоў працоўных Беларусі" не застанецца беспакараным. Ярашук нагадвае, у прыватнасці, што спроба выкарыстоўваць прымусовую працу
для ваеннай хунты М'янмы (Бірмы) закончылася ўвядзеннем паводле закліку МАП шэрагам развітых дзяржаў эканамічных санкцый супраць краіны. Гэтыя санкцыі "вымусілі ўлады
М'янмы не толькі аднавіць правы працоўных, але і прымусілі пачаць палітычную лібералізацыю".
"Беларускія ўлады павінны неадкладна адмяніць адыёзны дэкрэт № 9, а таксама дэкрэт № 29, прыняць неабходныя меры для забеспячэння законнасці, выканання рэкамендацый МАП па
ўстараненні масавых парушэнняў правоў працоўных і прафсаюзаў у краіне", — заключае Ярашук.
Нагадаем, дэкрэт № 9 абмяжоўвае працоўныя правы работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. У прыватнасці, усе яны павінны быць пераведзены на кантрактную форму найму, прычым датэрміновае скасаванне
кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з ініцыятывы работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракта можа быць абскарджана старшыні
абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта.
У выпадку парушэння работнікамі гэтых прадпрыемстваў сваіх працоўных абавязкаў і звальнення яны павінны кампенсаваць грашовыя выплаты, якія будуць налічвацца ім дадаткова да зарплаты. "Пры
невяртанні гэтых выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца паводле рашэння суда з іх працоўнага заробку па новым месцы працы. Асобы, якія не знаходзяцца ў працоўных
адносінах, падлягаюць уладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх заработнай платы", — сказана ў дэкрэце.
Аналагічны прававы рэжым прадугледжаны ў дачыненні да работнікаў генеральных падрадных арганізацый і праекціроўшчыкаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інвестпраектаў па тэхнічным перааснашчэнні, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцяў арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН