Капуста, памідоры, бананы, часнык. Што мацней за ўсё падаражэла ў студзені?
У студзені Белстат зафіксаваў паскарэнне інфляцыі. За месяц індэкс спажывецкіх коштаў вырас на 1,5%, а за год — на 10,4%. Мацней за ўсё ў студзені даражэлі харчовыя тавары і газеты, адзначае reform.by.
Паводле звестак Белстата, індэкс спажывецкіх цэн на белакачанную капусту ў
студзені падскочыў на 19,38% у параўнанні са снежнем, на свежыя памідоры — на
16,26%, на бананы — на 15,08%, на часнык — на 14,21%, на салодкі перац — на
14,04%, на штодзённую газету — на 13,73%, на гародніну агулам — на 13,25%, на
моркву — на 12%.
Нагадаем, з 1 студзеня пачала дзейнічаць эмбарга на пастаўкі
садавіны і агародніны з ЕС і іншых краін, якія падтрымалі санкцыі супраць
беларускіх уладаў. Урад зрабіў больш жорсткімі рэгуляванне коштаў, усталяваўшы
гранічныя адпускныя і рознічныя цэны на беларускія яблыкі і гародніну «баршчовага» набору.
Мацней за ўсё ў студзені, па дадзеных Белстата, патаннелі зімовыя боты. ІСЦ на іх знізіўся на 4,97%, на футравыя шапкі — на 3,94%, на зімовыя курткі для дзяўчынак — на 3,07%, на прасы — на 2,39%.