Еўрасаюз аплоціць развіццё сельскага турызму ў Магілёўскай вобласці
Больш за 400 тысяч еўра накіруе Еўрасаюз у 2015–2017 гадах на развіццё сельскага турызму ў Слаўгарадскім раёне (Магілёўская вобласць).
Размова ідзе пра праект фонда развіцця сельскіх тэрыторый "Адраджэнне-Агра", які падтрымаў ЕС згодна з праграмай аказання тэхнічнай дапамогі Беларусі. Праект ужо прайшоў рэгістрацыю ў Мінэканомікі.
"Асноўная мэта праекта — умацаванне прыватна-дзяржаўнага партнёрства для развіцця турызму, заснаванага на культурных традыцыях, народных промыслах і прыроднай спадчыне Слаўгарада. Дасягненне гэтай мэты будзе спрыяць росту дабрабыту насельніцтва і павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці Слаўгарадскага раёна", — патлумачыў кіраўнік фонда "Адраджэнне-Агра" Віталь Варабей.
Адным з ключавых момантаў праекта будзе стварэнне раённага савета па развіцці аграэкатурызму, які і будзе каардынаваць усю далейшую працу па рэалізацыі закладзеных у праекце ідэй і ініцыятыў. Гэта тычыцца распрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі і праграмы развіцця турызму Слаўгарадскага раёна, падтрымкі суб'ектаў турызму ў распрацоўцы і рэалізацыі іх ініцыятыў, прадстаўленні і абароне іх інтарэсаў, прасоўванні і ўключэнні іх у рэгіянальныя, нацыянальныя і міжнародныя турыстычныя сеткі, прыцягненні рэсурсаў для развіцця суб'ектаў турызму Слаўгарадскага раёна .
Па праекце будзе падтрымана не менш за 50 мясцовых ініцыятыў сельскіх жыхароў і арганізацый, накіраваных на развіццё сельскага і экалагічнага турызму з агульным аб'ёмам фінансавання 111 тысяч еўра. Фінансавыя рэсурсы будуць выдзяляцца на конкурснай аснове. С Фінансавую падтрымку за кошт праекта атрымаюць толькі арганізацыі, а ініцыятывы грамадзян атрымаюць дапамогу ў выглядзе матэрыялаў, тавараў і пазык, каб матываваць жыхароў раёна ўключыцца ў развіццё турыстычнай дзейнасці ў вёсцы.
Як адзначыў Віталь Варабей, у ліку асноўных задач паспяховай рэалізацыі праекта — павелічэнне колькасці суб'ектаў аграэкатурызму да 40 (цяпер у раёне зарэгістравана 8 аграсядзібаў), стварэнне не менш за 10 турыстычных маршрутаў з інтэграцыяй іх у рэгіянальныя і нацыянальныя турыстычныя сеткі, развіццё ініцыятыўнага турызму, правядзенне штогод не менш за 25 вясковых фестываляў і святаў, турыстычных злётаў і іншых мерапрыемстваў. Раённы савет па развіцці аграэкатурызму возьме пад сваю эгіду і правядзенне мясцовых буйных культурных праектаў: раённы фестываль народных традыцый і рамёстваў "Гаспадарчы сыр", а таксама фестываль духоўных традыцый і абрадаў "Макавей", які штогод праводзіцца ля помніка прыроды рэспубліканскага значэння "Блакітная крыніца" . Таксама ў Слаўгарадзе штогод будзе праводзіцца раённая турыстычная выстава-кірмаш.
Паводле БЕЛТА