«Яндэкс.Таксі» і Uber аб'ядналі бізнес у краінах СНД
Сэрвісы «Яндекс.Таксі» і Uber аб'ядналі бізнес у краінах СНД — Беларусі, Расіі, Азербайджане, Арменіі, Грузіі і Казахстане.
«Яндэкс» і Uber падпісалі пагадненне аб стварэнні новай кампаніі. У яе развіццё яны ўкладуць 325 мільёнаў долараў, доля «Яндэкса» — 100 мільёнаў долараў, Uber — 225 мільёнаў. Генеральны дырэктар «Яндэкс.Таксі» Тыгран Худавердзян стане гендырэктарам аб'яднанай кампаніі, у якой будуць працаваць каманды «Яндэкс.Таксі» і Uber, паведамляе tvrain.ru.
У лісце Худавердзяна гаворыцца, што пасля аб'яднанняў кампаній для карыстальнікаў «нічога не зменіцца». «Для заказу паездак па-ранейшаму будуць даступныя абодва прыкладанні — Яндэкс.Таксі і Uber. Вадзіцелі будуць аб'яднаны ў адзіную платформу. Гэта дазволіць ім у адным дадатку атрымліваць заказы як ад Яндэкс.Таксі, так і ад Uber (...) Усё гэта дазволіць кіроўцам атрымліваць больш заказаў у гадзіну, а пасажырам — захаваць даступны кошт паездкі», — гаворыцца ў лісце гендырэктара «Яндэкс.Таксі».
Там таксама гаворыцца, што «Яндэкс» і Uber дамовіліся аб роўмінгавым пагадненні ва ўсіх краінах, дзе працуе кампанія. «Прыляцеўшы ў Лондан ці Бангкок, вы зможаце з прыкладання «Яндэкс.Таксі» замовіць Uber, а турысты з Парыжа — замовіць «Яндэкс.Таксі» з прыкладання Uber», — падкрэсліваецца ў лісце.
Сэрвіс «Яндэкс.Таксі» быў заснаваны ў 2011 годзе. Ім могуць карыстацца жыхары 108 гарадоў Расіі, Беларусі, Казахстана, Арменіі, Грузіі і Украіны. «Яндэкс.Таксі» працуе ў Беларусі з лютага 2016 года, Uber з канца 2015 года.