Як думаеце, якая кампанія заплаціла больш за 5 мільёнаў еўра падаткаў?
На жаль, гэтымі грашыма не змогуць скарыстацца ні беларускія бюджэтнікі, ні беларускія пенсіянеры.
А ўсё таму, што пасля падзей 2020 года гэта кампанія з’ехала з Беларусі. І цяпер яе падаткамі будуць карыстацца грамадзяне іншай краіны.
IT-Кампанія Wargaming Vilnius стала найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам з беларускім капіталам у Літве. Па выніках першага паўгоддзя дачка геймдэў-холдынга заплаціла ў літоўскую казну каля 5,2 млн еўра, піша Office Life са спасылкай на дадзеныя Дзяржаўнай падатковай інспекцыі Мінфіна Літвы.
З гэтым
паказчыкам геймдэў-кампанія з
беларускімі каранямі заняла 52-е месца ў топ-500 падаткаплацельшчыкаў у Літве.
Акрамя Wargaming Vilnius, у спіс увайшлі яшчэ чатыры кампаніі, да якіх маюць дачыненне беларусы.
Так, у Epam sistemos — 70-е месца, яе падатковыя выплаты ў літоўскай бюджэт склалі крыху больш за 4 млн еўра.
Вытворца аптычных прыцэлаў Yukon Advanced Optics Worldwide заняў 137-е месца. Кампанія заплаціла ў Літве амаль 2,5 млн еўра падаткаў.
Vidar Baltic, якая займаецца арганізацыяй збыту кармоў, — 355-я з сумай выплат 1,1 млн еўра.
Яшчэ адной IT — кампаніі з беларускімі каранямі — Gurtam-дасталася 455-е месца. Распрацоўшчык тэлематычных сістэм, які закрыў свае офісы ў Беларусі і Расіі, заплаціў каля 0,9 млн еўра падаткаў у Літве.
Такім чынам, былыя беларускія кампаніі (у тым ліку дробныя, што не ўвайшлі у спіс 500) заплацілі ў казну Літвы дзясяткі мільёнаў еўра. Застаецца, спадзявацца, што пасля змены ўлады ў Беларусі, большасць гэтых кампаній усё ж вернецца ў Беларусь, каб сваімі падаткамі адбудоўваць эканоміку дэмакратычнай Беларусі.