Ігар Сечын: «Мне трэба на Мазырскі завод, на свой актыў, пастаўляць нафту»

Ігар Сечын, кіраўнік расійскага дзяржаўнага нафтавага гіганта «Раснафта», хоча, каб Расія пампавала ў Беларусь нафту ў ранейшых аб'ёмах.



sechin.png

«Транснефць» на гэтым тыдні паведаміла, што ў верасні скароціць пастаўкі нафты ў Беларусь на 400 тысяч тон, нібыта ў сувязі з рамонтнымі работамі на нафтаправодзе «Дружба». Аднак заява расійскіх нафтаправодаў успрымалася як рэакцыя на арышт беларускімі ўладамі гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера. Паказальна, што адначасова прагучалі пагрозы Анішчанкі з Рассельгаснагляду абмежаваць пастаўкі беларускага малака.
У гэтай сітуацыі кіраўнік расійскага дзяржаўнага нафтавага гіганта «Роснефць» Ігар Сечын выступіў на баку кіраўніцтва Беларусі. «Роснефць» можа панесці страты ад зніжэння паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале на ўзроўні 20 мільёнаў даляраў, перадае словы Сечына агенцтва РІА «Новосці».
«Яны сказалі, што за квартал хочуць знізіць аб’ём прапампоўвання. Мы папрасілі ўдакладніць, каго гэта датычыць і звярнулі ўвагу на канечнасць выканання кантрактных абавязкаў — і нашых перад беларускім бокам, і іх перад намі. Мы разумеем, што ёсць форс-мажор, але тады яны нам павінны сказаць, што гэта за форс-мажор, мы гэта ацэнім. Будзем глядзець. Можа быць, мы вагонамі тады адправім, я маю на ўвазе, цыстэрнамі», — сказаў Сечын.
Са словаў Сечына, кіраўніку «Транснефці» Мікалаю Токараву ўжо высланы зварот з просьбай растлумачыць сітуацыю. «Мне трэба на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, на свой актыў, пастаўляць сырую нафту. Калі яны будуць скарачаць аб’ёмы пастаўкі прапарцыйна, я больш за ўсіх пацярплю. Таму я чакаю тлумачэнняў. Я мяркую, што мы павінны карэктна працаваць», — сказаў Сечын.
Сечын належыць да групы былых сілавікоў у атачэнні Уладзіміра Пуціна. Раней ён працаваў віцэ-прэм’ерам, разглядаўся ў якасці магчымага пераемніка Пуціна. З часам ён перасеў у «Роснефць» — аналаг «Газпрома» ў нафтавай сферы.
«Роснефць» валодае 42,58% акцый Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Перапрацоўка нафты ў Беларусі або яе рээкспарт праз Беларусь — важная крыніца ўзбагачэння расійскіх чыноўнікаў.
nn.by