Дзяржава кампенсуе "Беларусбанку" страты ад крэдыту папяровай фабрыцы "Спартак" на 17,2 млн. еўра
Дзяржава кампенсуе ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" страты ад выдадзенага адкрытаму акцыянернаму таварыству "Папяровая фабрыка "Спартак" экспартнага крэдыту на суму звыш 17,2 млн. еўра. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 44 ад 21 студзеня, паведамляе прэс-служба ўрада.
Згодна з пастановай, у 2013–2015 гадах "Беларусбанку" будуць кампенсаваныя страты ад давання папяровай фабрыцы "Спартак" экспартнага крэдыту ў межах
адкрытай аднаўлянай крэдытнай лініі з максімальнай сумай выдзеленых грашовых сродкаў 17 млн. 221,1 тыс. еўра і межавым памерам запазычанасці 4 млн. 857,3 тыс. еўра для вытворчасці і рэалізацыі
экспартнай прадукцыі, выдадзенага па камерцыйна арыентаванай працэнтнай стаўцы (CIRRs).
Сёлета кампенсацыя будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных у 2013 годзе на іншыя пытанні ў сферы прамысловасці, будаўніцтва і архітэктуры. У
2014–2015 гадах страты банку будуць кампенсавацца ў межах сродкаў, што прадугледжваюцца ў рэспубліканскім бюджэце на гэтыя мэты на згаданыя гады, пры ўмове страхавання экспартных рызыкаў з
падтрымкай дзяржавы.
Фабрыка заснавана ў 1898 годзе, у ААТ "Папяровая фабрыка "Спартак" пераўтворана ў 1993 годзе. Тут працуюць больш як 500 чалавек. Зараз фабрыка выпускае ўпаковачныя
віды паперы, кардон для прамысловых патрэб, паперу для гафравання, паперу для вырабаў бытавога і санітарна-гігіенічнага прызначэння, паперу для шпалераў, гафраваны кардон, гафраскрыні і інш.
Больш за 40% вырабаў экспартуецца. У 2012 годзе аб'ём вытворчасці таварнай прадукцыі склаў 172,9 млрд., што на 46,1% больш у параўнанні з 2011-м у супастаўных цэнах.
Андрэй Серада, БелаПАН