Дырэктыўнае крэдытаванне ў 2017 годзе скарочанае на траціну

Урад Беларусі зацвердзіў асноўныя напрамкі і ліміты дырэктыўнага крэдытавання дзяржпраграм і мерапрыемстваў на 2017 год.

000021_778458_big.jpg


Агульны аб'ём крэдытавання складзе 1 млрд 900 млн рублёў, што на 32,1% ніжэй за леташні ўзровень.Пастанова Савета міністраў ад 29 снежня № 1102 "Аб крэдытаванні дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў у 2017 годзе" апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам крэдытаванне ў межах дзяржпраграм прадугледжанае ў аб'ёме 1 млрд 310,2 млн рублёў. У межах дзяржпраграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016—2020 гады ліміт усталяваны ў 1 млрд 91,9 млн рублёў. Паводле дзяржпраграмы будаўніцтва жылля выдзелена 218,3 млн рублёў.
Крэдытаванне суб'ектаў гаспадарання ў межах рашэнняў прэзідэнта і ўрада складзе 270,3 млн рублёў. На крэдытаванне арганізацый, якія рэалізуюць інфраструктурныя праекты, плануецца накіраваць 257,6 млн рублёў. У рамках рашэнняў прэзідэнта на крэдытаванне фізічных асоб будзе выдзелена 61,8 млн рублёў.
Акрамя Банка развіцця дырэктыўнае крэдытаванне будзе выдзяляцца праз "Беларусбанк" (570,5 млн рублёў), "Белаграпрамбанк" (708,5 млн рублёў), "БПС-Ашчадбанк", "Прыёрбанк", "Банк БелВЭБ" і "Парытэтбанк".
Зніжэнне аб'ёмаў дырэктыўнага крэдытаванне з'яўляецца адной з рэкамендацый Міжнароднага валютнага фонду беларускім уладам, якая неаднаразова гучала апошнія гады.
Аналагічныя патрабаванні вылучае Мінску іншы крэдытор — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Паводле ацэнкі Еўразійскага банка развіцця, які з'яўляецца кіраўніком сродкамі ЕФСР, аб'ёмы дырэктыўнага крэдытавання ў Беларусі з'яўляюцца празмернымі, накіроўваюцца на фінансаванне нізкарэнтабельных праектаў, таму аб'ёмы такой дзяржпадтрымкі павінны скарачацца. Згодна з умовамі атрымання крэдыту са сродкаў ЕФСР, пад якімі беларускія ўлады падпісаліся вясной мінулага года, у 2016 годзе максімальны аб'ём новых дырэктыўных крэдытаў не павінен перавысіць 2,8 млрд дэнамінаваных рублёў, у 2017-м — 2 млрд рублёў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН