Для будаўніцтва Нямноўскай ГЭС у Гродзенскай вобласці шукаюць інвестара
Для будаўніцтва Нямноўскай ГЭС у Гродзенскай вобласці шукаюць інвестара, пакуль пытанне рэалізацыі праекта адкладзенае. Пра гэта падчас прамой тэлефоннай лініі з насельніцтвам паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко.
Жыхар рэгіёну патэлефанаваў на прамую лінію да намесніка аблвыканкама, які курыруе пытанні будаўніцтва, каб даведацца пра перспектывы будаўніцтва другой гідраэлектрастанцыі на рацэ Нёман — Нямноўскай ГЭС. Меркавалася, што ў выпадку будаўніцтва будзе затопленая пэўная тэрыторыя, у зону якой трапляюць лецішчы, гаспадарчыя пабудовы і дамы шэрагу населеных пунктаў. Уладальнікі лецішчаў хочуць планаваць далейшы лёс сваіх уладанняў.
Уладзімір Дзяшко паведаміў, што пакуль лёс праекта не вырашаны, галоўнай прычынай гэтага з'яўляюцца фінансы. Улічваючы вялікія выдаткі на будаўніцтва станцыі, вырашана было рэалізоўваць ідэю з прыцягненнем інвестара. Аднак пакуль інвестыцый і інвестара на гэты дарагі праект няма. Не распачатая праца над праектнай дакументацыяй і тым больш не вядзецца гаворка пра будаўніцтва, растлумачыў чыноўнік.
У жніўні 2012 года на Нёмане ўведзена ў эксплуатацыю найбуйнейшая на тэрыторыі Беларусі Гродзенская ГЭС магутнасцю 17 МВт. Энэргія ад гэтай станцыі дазваляе забяспечыць патрэбы як мінімум двух раёнаў — Свіслацкага і Ашмянскага ці Зэльвенскага і Мастоўскага. Меркаваная магутнасць Нямноўскай ГЭС складае 20 МВт. Аб'ект планавалася размясціць на Нёмане ў 20 км ніжэй Гродна.