Цукар для сепаратыстаў. Ці гандлюе Беларусь з ЛНР і ДНР?
Партал «Беларускі партызан» апублікаваў фота пакунку цукру, прызначанага для «ЛНР-ДНР».
З надпісу на пакунку вынікала, што Гарадзейскі цукровы камбінат, які ўваходзіць у дзяржаўны канцэрн харчовай прамысловасці, экспартуе цукар у Данецк і Луганск.
Цукар, выраблены на Гарадзейскім цукровым камбінаце, быццам набываюць Луганскі холадакамбінат і ТАА «Донпродрезерв». Аднак на афіцыйным сайце беларускага камбінату інфармацыі пра гэта няма: кампаніі з Данбасу не пералічаныя сярод партнёраў беларускага прадпрыемства.
“Белсат” звязаўся з намеснікам дырэктара па камерцыйнай дзейнасці Гарадзейскага цукровага камбінату Андрэем Бацкелем: «Па-першае, адкуль я ведаю, з кім размаўляю? Па-другое, такой інфармацыі я вам не магу прадставіць. Не гандлюем мы з Данецкам і Луганскам. У нас ёсць партнёры ва Украіне, на Расію таксама ідзе прадукцыя…» — сказаў ён.
Тым часам прадстаўнік ТАА «Донпродрезерв», які не пажадаў называць свае імя, пацвердзіў “Белсату” факт супрацы з Гарадзейскім цукровым камбінатам.
«Так, працуем даволі даўно і аб’ёмы паставак вялікія. Не магу назваць дакладную лічбу, але вялікія. У асноўным, гэта гатовы цукар-пясок, які ідзе да нас у мяшках».
Журналісты патэлефанавалі на Луганскі холадакамбінат, па нумары, пазначаным у рэквізітах на пакунку. Адказны за ўзаемадзеянне з беларускімі партнёрамі таксама пацвердзіў, што гандаль з Гарадзеяй ідзе, але адмовіўся назваць канкрэтныя лічбы.
Раней ужо узнікала пытанне наконт пастаўкі карысных выкапняў з шахтаў Данбасу ў Беларусь. Так, антрацыт з шахтаў, што знаходзяцца на падкантрольнай сепаратыстам тэрыторыі, нібыта трапляў на Скідзельскі і Гарадзейскі цукровыя камбінаты (абодва ўваходзяць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрну харчовай прамысловасці). На гэты конт віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што ніякіх гандлёвых зносінаў датычна імпарту вугалю на дзяржаўным узроўні Беларусь і ДНР-ЛНР не маюць і перамоваў на гэты конт не вядуць. Аднак адзін з чыноўнікаў Мінэнэрга ЛНР Віктар Ткачэнка паведаміў belsat.eu: такія перамовы якраз вядуцца, а пакуль карысныя выкапні ў іх купляюць дробныя прыватныя беларускія прадпрыемствы.
Эканаміст Яраслаў Раманчук у інтэрв’ю belsat.eu выказваў меркаванне, што гандаль паміж беларускім бокам і сепаратыстамі будзе ажыццяўляцца «праз фірму-пракладку», каб не рабіць гэтага наўпрост.