Чарнігаўскія гандляры пра беларусаў: Мы іх чакаем, як Бога

Замежны шопінг шмат для каго з беларусаў — рэч звычайная. Асабліва для тых, хто жыве недалёка ад мяжы. Берасцейцы ды гродзенцы, вядома, абіраюць суседнія Польшчу і Літву, жыхары Гомеля — крамы ды рынкі Чарнігаўшчыны. Чым вабяць такія паездкі нашых суайчыннікаў?



1303853242_ecity_cn_ua_x_4128458d.jpg

Фота ecity.cn.ua

Чарнігаў — горад з больш як тысячагадоваю гісторыяй, але беларусаў прыцягваюць не толькі яго помнікі архітэктуры. Шмат якія тавары каштуюць тут удвая, а то і ўтрая танней, чымся ў Сінявокай. Дык чаму ж не ездзіць сюды на шопінг?

28.12.2013: На закупы за мяжу

Дзмітрый, жыхар Гомеля:


“Мне, натуральна, выгадна ездзіць. Бо тое, што я набываю за $ 100 у сябе дома, тут я магу гэта набыць за $ 50. І ў прынцыпе раз на месяц я стараюся з’ездзіць у Чарнігаў і набыць харчоў”.
 

Зрэшты, не толькі. Расціслаў, мясцовы прадпрымальнік, прадае жырандолі. І хоць сваіх кліентаў паводле нацыянальнай прыкметы ён не падзяляе, прызнаецца, што пакупнікоў з суседняе Гомельшчыны заўжды багата. Арыентуецца гандляр і ў беларускіх коштах.


Расціслаў Герасіменка, мясцовы гандляр:


“Там збольшага нармальная жырандоля каштуе 3 мільёнаў. Я так разумею, гэта прыблізна 3 тысячы грыўняў на нашыя грошы. А ў нас самы дарагі варыянт — 1400. Гэта ўжо вялікая, якая там будзе каштаваць 3,5 мільёны”.
 

Цяпер, у святочны перыяд, калі попыт узрастае не толькі на жырандолі, на вуліцах Чарнігава большае і аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, нямала нашых суайчыннікаў даязджаюць сюды цягнікамі і маршруткамі. Мясцовыя ж гандляры з настальгіяй успамінаюць 2011-ы, калі з-за крызісу колькасць кліентаў з Беларусі біла ўсе рэкорды.


Прадавачка з Чарнігава:


“Яны тут скупалі ўсё, нам няма калі было паразмаўляць, чэргі. Цяпер канкурэнцыя вялікая, ужо беларусы набраліся ўсялякага тавару і цяпер ходзяць, выкручваюць рукі, каб танней нешта набыць”.
 

Але і цяпер набываюць нямала. Зрэшты, значнасць беларускіх пакупнікоў для мясцовых прадпрымальнікаў відавочная.


Чарнігаўскія гандляры:


“Мы іх чакаем, як Бога таго. Бо гэта ратавальнікі нашага гораду. І маладыя, і з дзеткамі прыязджаюць, заўсёды нас уратоўваюць”.


“Вельмі ратуюць. Бо ў нас народ бедны, у вас багацейшы”.


Дарэчы, міф пра “багатых” беларусаў у Чарнігаве існуе здаўна. І сапраўды, сярэдні заробак у нашай краіне вышэйшы, чымся ва Украіне, але ж і выдаткаў у нашых суседзяў удвая менш. Масавым жа шопінгам беларусаў за мяжою больш за ўсё заклапочаныя ўлады. Іхная нервовасць заўважная нават праз дзеянні памежнікаў.
 


Дзмітрый, жыхар Гомеля:


“На цябе глядзяць, як на кантрабандыста. Глядзяць, што ты там вязеш, пачынаюць спраўджваць. Гэта ўсё непрыемна”.

Змаганне ж з замежным шопінгам у Беларусі сёлета ледзьве не скончылася ўвядзеннем падатку $ 100 для кожнага, хто выязджае за мяжу на закупы. Але ўрэшце ад такога радыкальнага кроку адмовіліся. Відаць, абсурдным ён падаўся нават самым уладам.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu