Большасць удзельнікаў электроннага абмеркавання варыянтаў аплаты насельніцтвам паслуг электразабеспячэння прагаласавалі супраць дыферэнцыяцыі

Большасць грамадзян, якія ўзялі ўдзел у электронным абмеркаванні варыянтаў аплаты насельніцтвам паслуг электразабеспячэння, прагаласавалі супраць дыферэнцыяцыі. Пра гэта сведчаць апублікаваныя на сайце РУП "Мінскэнерга" даныя апытання.



logo.gif

У апытанні ўдзельнічалі 5 849 рэспандэнтаў, супраць дыферэнцыяцыі выступілі 4 955 чалавек, ці 85%. Нагадаем, што варыянты аплаты абмяркоўваліся грамадскасцю з 6 верасня па 31 кастрычніка.


Як паведаміў 9 кастрычніка на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага вытворча-тэхнічнага ўпраўлення Міністэрства энергетыкі Міхаіл Свячко, вынікі грамадскага абмеркавання па варыянтах аплаты насельніцтвам паслуг электразабеспячэння будуць апрацаваны да 7 лістапада, а затым да 20 лістапада павінны быць аформлены і перададзены ва ўрад.


Прапанаваная для абмеркавання сістэма дыферэнцыраваных тарыфаў прадугледжвае ўвядзенне "сацыяльнага аб'ёму спажывання", у залежнасці ад колькасці зарэгістраваных спажыўцоў у жылым памяшканні і сезоннасці (ацяпляльны і міжацяпляльны перыяд). Так, для грамадзян, у якіх устаноўлены электрапліты, у міжацяпляльны перыяд прапаноўваецца ўстанавіць норму ў 120 кВт/гадз у месяц на аднаго жыльца і па 20 кВт/гадз на кожнага з астатніх жыхароў, у ацяпляльны перыяд — 135 і 20 кВт/гадз адпаведна; для спажыўцоў з газавымі плітамі: у міжацяпляльны перыяд — 70 кВт/гадз і 15 кВт/гадз, у ацяпляльны — 80 кВт/гадз і 15 кВт/гадз адпаведна.


Разам з тым прапаноўваецца альтэрнатыўны варыянт нарміраванага спажывання электраэнергіі — паступовае павышэнне да 2015 года тарыфаў да 100% пакрыцця расходаў, за які і прагаласавала большасць апытаных на сайце.


Марына Носава, БелаПАН